Сяргей Каваленка: “Для мяне гэта справа гонару”

13.01.2010, 09:09  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

35-гадовага будаўніка арыштавалі 7 студзеня за вывешванне бел‑чырвона‑белага сцяга на найвышэйшай навагодняй яліне краіны. Вызвалілі яго з віцебскага СІЗА прыкладна а 18-й вечара 12 студзеня. Раней паведамлялася, што Каваленку змясцілі ў следчы ізалятар на 2 месяцы. Супраць апазіцыянера заведзеная крымінальная справа па артыкуле 339 частка 2 (хуліганства, здзейсненае паўторна, або групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якой спыняліся хуліганскія дзеянні, альбо спалучаны з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае зняволенне да 6 гадоў.

 

Па вызваленні з СІЗА актывіст КХП‑БНФ Сяргей Каваленка адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

 

«Наша Ніва»: Сяргей, на якіх умовах вас вызвалілі?


Сяргей Каваленка: На ўмовах падпіскі аб нявыездзе, а таксама добрых паводзін. Пастанову падпісаў выконваючы абавязкі пракурора Кастрычніцкага раёна Галызаў.

 

«НН»: А чаму так нечакана?


СК: Думаю, што справа атрымала вялікі рэзананс. Яшчэ ўчора мяне прызначылі дзяжурным па камеры, а сёння вызвалілі. Калі б у СІЗА ведалі пра вызваленне, то дакладна б мяне не прызначалі. Напэўна, прыйшла каманда зверху.

 

«НН»: А як вялося следства?


СК: Быў адзін допыт. А таксама вочная стаўка з амапаўцамі, якія мяне затрымлівалі. Я сказаў, што буду размаўляць толькі па‑беларуску. Дык следчая сказала, што недастаткова разумее беларускую мову, і ёй патрэбны перакладчык.

 

«НН»: А прызналіся, што вывешвалі сцяг?


СК: Вядома! Чаму не прызнавацца? Для мяне гэта справа гонару.

 

«НН»: І не цяжка было залезці на ёлку?


СК: Для мяне лёгка і не страшна. Я досыць натрэніраваны чалавек.

 

«НН»: А як затрымалі?


СК: Калі злазіў з ёлкі, знізу ўжо стаялі двое амапаўцаў. Адразу пачалі збіваць, адзін абяцаў мяне абас…ць.

 

«НН»: А чаму ўвогуле вырашылі вешаць сцяг?


СК: Гэта плошча, цэнтр горада. Я лічу, што палітычныя акцыі трэба праводзіць у месцах, дзе шмат людзей. Яшчэ добра вывешваць сцягі на прыпынках. Гараджане павінны бачаць апазіцыю не толькі ў газетах і інтэрнэце, а то ў іх складваецца ўражанне, што апазіцыянеры толькі грошы дзеляць.

 

«НН»: А якія ўмовы былі ў турме?


СК: Дрэнныя ўмовы. Затое сядзеў разам з добрымі людзьмі. Мянты паводзяць сябе з вязнямі як з скатамі. Спрабуюць зламаць псіхалагічна.

 

«НН»: А што цяпер, які ваш прагноз?


СК: Не ведаю. Думаю, што мая справа будзе вырашацца вышэй, чым у віцебскім судзе. Цяпер мушу з’яўляцца да следчага па позвах.

 

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме