22 студзеня - працяг суду БХД супраць БТ

21.01.2010, 10:49  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

22 студзеня ў Першамайскім судзе Менску (вул.Талбухіна, 9, пакой 23)  адбудзецца працяг слуханняў па пазове сустаршыняў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Пачатак у 11.00. Запрашаем усіх на судовае паседжанне.

 

Нагадаем, Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец патрабуюць абвяржэння звестак, якія былі прыведзеныя ў паклёпніцкім сюжэце перадачы “Панорама недели” ад 27 верасня гэтага году.

 

Першыя слуханні па пазове сустаршыняў БХД адбыліся 6 студзеня.

 

Суд адмовіўся выклікаць па хадайніцтве Віталя Рымашэўскага сведкамі “экспертаў”, якія фігуравалі ў сюжэце БТ. Акрамя гэтага, суд таксама адмовіў у хадайніцтве наконт прадстаўлення відэаматэрыялаў да сюжэту, спаслаўшыся на заканадаўства аб аўтарскім праве.

 

Аўтар сюжэту Андрэй Крывашэеў у судзе не пагадзіўся з пазовам Севярынца і Рымашэўскага. Паводле яго словаў, ён персанальна нікога не абражаў, гаворка ішла пра “ўсю арганізацыю”. Крывашэеў паведаміў, што крыніцы ягонай інфармацыі вартыя даверу: Інтэрнэт і тыя самыя “эксперты”.

 

Паводле Віталя Рымашэўскага, адказнік на судзе сцвердзіў, што сюжэт не ёсць паклёпам на БХД, бо быў не пра аргкамітэт па стварэнні "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі", а пра "нейкую віртуальную партыю, фантом БХД".

 

Віталь Рымашэўскі прапанаваў прадстаўнікам Белдзяржтэлерадыёкампаніі наступнае: абвяржэньне абразлівых звестак, грашовая кампенсацыя ў памеры 50 мільёнаў рублёў кожнаму з пазоўнікаў і пакрыццё судовых выдаткаў. Прадстаўнікі тэлебачання заявілі, што на такія ўмовы не згодныя.

 

Нагадаем, у позве сустаршыняў БХД пазначаецца, што матэрыялы сюжэта насілі неабгрунтаваны, паклёпніцкі характар, утрымлівалі хлусню і скажоную інфармацыю аб сябрах аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, груба абражалі гонар і годнасць заснавальнікаў партыі, уводзілі ў зман грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляліся гледачамі дадзенай перадачы.

 

У перадачы мела месца фальсіфікацыя выказванняў людзей, у якіх журналісты БТ бралі інтэрв’ю. Абгрунтаванні паклёпніцкіх выказванняў вядучага грунтаваліся, у асноўным на спасылках на сумнеўныя інтэрнэт-артыкулы малавядомых аўтараў альбо ананімных выказваннях інтэрнэт-карыстальнікаў.

 

У позве пералічаны факты недакладнай, фальсіфікаванай і паклёпніцкай інфармацыі аб заснавальніках партыі, якую сустаршыні БХД патрабуюць абвергнуць.

 

Трэба зазначыць, што афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Архімандрыт Алексій пасля выхаду сюжэту ў эфір назваў яго “замоўленым палітычным матэрыялам”, які выклікаў “вельмі негатыўную рэакцыю епіскапата”.

 

Паводле архімандрыта Алексія, Царква ні ў якім выпадку не выступае супраць хрысьціянска-палітычных партый і рухаў, а наадварот, вітае дзейнасць падобных і іншых палітычных арганізацый, калі іх канцэпцыя не супярэчыць хрысціянскай маралі і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

 

Акрамя абвяржэння паклёпніцкіх звестак, аўтары позвы патрабуюць прадставіць сустаршыням аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Паўлу Севярынцу і Віталю Рымашэўскаму, імёны якіх былі агучаны у згаданай вышэй перадачы, эфірнага часу для выступу, у якім ім будзе прадастаўлена магчымасць праінфармаваць грамадзян Рэспублікі Беларусь аб дзейнасці аргкамітэта, мэтах і задачах ствараемай партыі.

 

6 студзеня Павал Севярынец перад паседжаннем па тэлефоне паінфармаваў суд, што ў сувязі з пачаткам святкавання праваслаўнага Раства ён не можа прысутнічаць на паседжанні. 22 студзеня лідэр БХД плануе прыехаць на слуханні.

Навіны па тэме