Кіеўскі апеляцыйны суд прызнаў Сталіна вінаватым у Галадаморы

14.01.2010, 09:59  |  Навіны, Свет

Сталін прызнаны вінаватым ў генацыдзе, які адбыўся на Украіне падчас Галадамору 1932-33 г. Гэта прызнаў Апеляцыйны суд Кіева. Працэс пачаўся ў сераду 13 снежня і скончыўся ў той самы дзень. Паводле рашэння суда, у сувязі са смерцю абвінавачаных справа можа быць закрыта. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіла Служба бяспекі Украіны, якая і стала ініцыятарам разгляду справы.

 

Апрача Сталіна, які падчас Галадамору кіраваў СССР, арганізатарамі і вінаватымі ў Галадаморы былі прызнаныя Вячаслаў Молатаў (на той час – кіраўнік Савета народных камісараў), а таксама вярхушку камуністычнай партыі: Лазара Кагановіча, Паўла Постышава, Станіслава Касёра, Уласа Чубара і Мэндля Хатаевіча.

 

Паводле выраку суда, гэтыя асобы «арганізавалі на тэрыторыі УССР (…) генацыд украінцаў (…) з мэтай частковага фізічнага вынішчэння». Кіеўскі апеляцыйны суд таксама агучыў лічбу ахвяр – 3 млн. 941 тыс.

 

Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў Украіна зведала тры хвалі голаду – у пачатку 1920-ых гадоў, у 1946-47 гадах і Галадамор 1932-33 гадоў, які стаў найбольш трагічнай старонкай у найноўшай гісторыі Украіны.

 

У найбольш цяжкі перыяд Галадамору на Украіне штодня памірала 25 тыс. чалавек. Асабліва цярпелі дзеці – за два гады трэць з іх загінула.

 

Прычынай трагедыі сталі не прыродныя катаклізмы, альбо вайна, а канфіскацыі харчавання, якое пазней перапраўлялася на Захад. У 1932 годзе быў уведзены закон, паводле якога чалавека дазвалялася расстрэльваць за крадзёж аднаго коласа з калгаснага поля. Выйшаў дэкрэт аб блакадзе вёскі.

 

Негледзячы на гэта, шмат вяскоўцаў уцякала ў гарады, бо там для рабочых выдавалі харчаванне. Людзі спрабавалі таксама уцячы ў Беларусь і Расію, аднак межы Украіны ахоўваліся вайскоўцамі і зрабіць гэта не заўсёды ўдавалася.

 

Паводле меркаванняў украінскіх гісторыкаў, Галадамор на Украіне дапамог зламаць супраціўленне калектывізацыі, якое там было вельмі моцным.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме