Кіраўніцтва БХД зноў дамагаецца рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе

14.01.2010, 11:07  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

14 студзеня сустаршыні БХД Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі ад імя Нацыянальнай Рады Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя накіравалі скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі на рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычнай партыі.

 

Рашэнне аб адмове прынята паводле матываў, якія на наш погляд з’яўляюцца беспадстаўнымі, незаконнымі і не адпавядаюць рэчаіснасці, - гаворыцца ў скарзе.

 

Першая група прэтэнзій Міністэрства юстыцыі тычыцца парадку стварэння партыі, а менавіта правядзення сходаў заснавальнікаў Партыі БХД, падчас якіх праходзіла вылучэнне дэлегатаў на Устаноўчы З’езд. Міністэрства юстыцыі беспадстаўна сцвярджае, што некаторыя асобы са Спісу заснавальнікаў не прымалі ўдзел у сходах альбо не ставілі свае подпісы ў Спісе заснавальнікаў. Доказаў такіх фактаў Міністэрства не прыводзіць, грунтуючыся на ўласнай трактоўцы дадзеных апытанняў заснавальнікаў Партыі БХД, што праводзіліся паводле працэдуры, не прадугледжанай Законам Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”.

 

Так, у лісце Міністэрства юстыцыі гаворыцца пра 70 выбарачна апытаных заснавальнікаў партыі. Пры гэтым больш за 200 заснавальнікаў Партыі БХД паведамілі пра выпадкі тэлефанаванняў, размоваў з супрацоўнікамі выканкамаў, падраздзяленняў КДБ, “людзьмі з суда”, супрацоўнікамі ідэалагічных аддзелаў прадпрыемстваў і г.д., якія часта прадстаўляліся супрацоўнікамі Міністэрства юстыцыі, ажыццяўляючы ціск на заснавальнікаў. Людзей прымушалі пісьмова адмовіцца ад подпісаў у Спісе заснавальнікаў Партыі БХД, ставячы перад імі ўльтыматум: “праца (вучоба) альбо партыя”. Па гэтых выпадках намі былі накіраваны скаргі ў органы пракуратуры.


Калі ж упаўнаважаны прадстаўнік Партыі БХД звярнуўся ў Міністэрства юстыцыі з просьбай азнаёміцца з матэрыяламі рэгістрацыйнай справы, якія пацвярджаюць абставіны, што з’явіліся падставамі адмовы ў рэгістрацыі, яму было адмоўлена, а на пісьмовую просьбу такога ж зместу адказ не прыйшоў.

 

Выклікаюць абурэнне таксама  дзесяткі тэлефанаванняў з Міністэрства юстыцыі з пытаннямі пра заснавальніцтва, якія адбыліся ўжо пасля адмовы ў рэгістрацыі Партыі БХД у снежні 2009 г. Такія дзеянні Міністэрства юстыцыі выходзяць за межы, дазволеныя Законам “Аб палітычных партыях”, не маюць прававога абгрунтавання.

 

Другая група прэтэнзій тычыцца Спісу заснавальнікаў: Міністэрства юстыцыі сцвярджае, што Спіс заснавальнікаў не быў прадстаўлены, паколькі ў ім былі выяўлены парушэнні. Аднак пры гэтым Міністэрства юстыцыі спасылаецца на тыя ж дадзеныя апытанняў, паводле якіх заснавальнікі Партыі БХД нібыта не ўдзельнічалі ў сходах заснавальнікаў альбо не ставілі свае подпісы ў Спісе заснавальнікаў. Канкрэтных доказаў гэтаму не прадстаўлена.

 

Міністэрства юстыцыі спасылаецца таксама на тое, што 16 асобаў са Спісу заснавальнікаў (прозвішчы не падаюцца) паводле дадзеных органаў унутраных спраў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не пражываюць. Аднак такой падставы для адмовы ў рэгістрацыі палітычнай партыі ў Законе няма. Паводле ч. 1 арт. 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” заснавальнікамі палітычнай партыі маюць права выступаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі васемнаццацігадовага ўзросту і валодаюць выбарчым правам. Такім чынам, месца пражывання грамадзян Рэспублікі Беларусь для мэтаў заснавання палітычнай партыі не мае значэння, і выснова пра наяўнасць парушэнняў у Спісе заснавальнікаў на гэтай падставе з’яўляецца незаконнай.

Акрамя таго, у лісце Міністэрства юстыцыі паведамляецца, што звесткі адносна 13 асобаў у Спісе заснавальнікаў з’яўляюцца “няпоўнымі, скажонымі альбо наогул не адпавядаюць рэчаіснасці”. Пры гэтым ніводнага факта ў лісце не прыведзена, а на просьбу азнаёміцца з рэгістрацыйнай справай, як ужо згадвалася, нам адмовілі.

 

Абуральным лічым таксама той факт, што ў лісце пра адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД Міністэрства юстыцыі згадвае пра пазбаўленне бацькоўскіх правоў аднаго з заснавальнікаў партыі. Паколькі гэта не падстава для адмовы ў рэгістрацыі партыі, распаўсюджанне гэтых канфідэнцыйных асабістых звестак з’яўляецца незаконным і накіравана, на нашу думку, на падрыў аўтарытэту ўсіх, хто мае дачыненне да Партыі БХД.

 

Такім чынам, Міністэрства юстыцыі беспадстаўна адмовіла нам ў рэгістрацыі Партыі БХД, дапусціўшы пры гэтым парушэнні правоў грамадзян.

 

У сувязі з вышэйпададзеным прадстаўнікі БХД просяць прызнаць, што адмова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у рэгістрацыі Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя з’яўляецца незаконнай і парушае правы сябраў партыі; а таксама просіць абавязаць Міні’юст ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю БХД.

 

Нагадаем, 31 кастрычніка 2009 г. у Менску адбыўся ІІ Устаноўчы З’езд па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. На Устаноўчым З’ездзе было прынята рашэнне пра стварэнне палітычнай партыі, зацверджаны Статут і Праграма Партыі БХД, абраны цэнтральныя органы кіравання, абранне якіх паводле Статута адносіцца да кампетэнцыі З’езда, а таксама прыняты іншыя неабходныя рашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

9 лістапада 2009 г. у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь была пададзена заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД разам з неабходнымі для рэгістрацыі дакументамі. А 15 снежня 2009 г. БХД атрымала ліст Мін’юста, у якім паведамляецца, што прынята рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД.

 

Навіны па тэме