Ад 1 ліпеня мыты на ўвоз аўто фізасобамі вырастуць да ўзроўню расійскіх

14.01.2010, 18:28  |  Навіны, Грамадства, Эканоміка

Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі.

 

Рашэнне пра гэта ўжо прынятае, сказаў Шпілеўскі. Такім чынам да 1 ліпеня правілы ўвозу застануцца ранейшымі.

 

Нагадаем, з 1 студзеня 2010 года ў адпаведнасці з Адзіным мытным тарыфам Мытнага саюза ў Беларусі павышаны мытныя пошліны на ўвоз легкавых аўтамабіляў для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да ўзроўню расійскіх.

 

Сёння ж дзяржаўны мытны камітэт Беларусі выступіў з тлумачэннем адносна уніфікацыі пошлін на аўтамабілі, што ўвозяцца ў рамках Мытнага саюза.

 

Як адзначаецца ў паведамленні ДМК, цяпер, як і ў 2009 годзе, абкладанне мытнымі плацяжамі легкавых аўтамабіляў, што ўвозяцца фізічнымі асобамі для асабістага карыстання, ажыццяўляецца ў ільготным рэжыме па адзіных стаўках мытных пошлін, падаткаў (указ прэзідэнта ад 15.10.2007 г. № 503).

 

Пры гэтым ДМК канстатуе, што ў Расіі стаўкі мытных пошлін на аўтамабілі, што былі ў карыстанні і ўвозяцца фізічнымі асобамі, значна вышэйшыя за дзеючыя ў Беларусі.

 

У РФ яны вагаюцца ад 1,5 еўра за 1 куб. см да 5,8 еўра за 1 куб. см у залежнасці ад рабочага аб’ёму рухавіка.

 

«Відавочна, што уніфікацыя ўсіх мытных правілаў і працэдур у рамках Мытнага саюза запатрабуе уніфікацыі ставак мытных плацяжоў на аўтамабілі, што ўвозяцца грамадзянамі, на прымальным узроўні для ўсіх трох дзяржаў — удзельніц Мытнага саюза», — падкрэсліваецца ў паведамленні мытнага ведамства.

 

ДМК адзначае, што 1 ліпеня 2010 года ў рамках Мытнага саюза павінен набыць моц міжнародны дагавор, якім будуць канчаткова вызначаны адзіныя стаўкі мытных пошлін, падаткаў на аўтамабілі, што ўвозяцца грамадзянамі для ўласнага карыстання.

 

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме