Тарас Сурган, сябра Каваленкі, асуджаны на 7 сутак

15.01.2010, 11:07  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Нягледзячы на хваробу і высокую тэмпературу, судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебска прызнала Тараса Сургана вінаватым у хуліганстве – нецэнзурнай лаянцы і прысудзіла яму 7 сутак арышту.

 

Арыштавалі Сургана 9 студзеня. Сябра БХД і "Маладой Беларусі" распавёў, што пайшоў выносіць сьмецьце і невядомыя асобы зьвярнуліся да яго з прапановай пагутарыць і запрасілі ў машыну. Невядомыя ў цывільным аказаліся супрацоўнікамі міліцыі і сёньня ў судзе яны былі сьведкамі – цьвердзілі, што Сурган быццам бы нецэнзурна выказваўся.

 

Тарас Сурган заявіў адвод судзьдзі, сказаўшы што не давярае суду разглядаць справу. Але ягоны адвод адхілілі. Ён таксама прасіў перанесці паседжанне, паколькі дрэнна сабе адчувае і мае высокую тэмпературу, аднак суд не перанеслі.

 

Кіраўнічка Віцебскай арганізацыі БХД Таццяна Севярынец распавяла, што падчас паседжаньня суддзя Т.Цыганкова паводзіла сябе вельмі груба ,крычала на Тараса, перабівала. Тады ў перапынку аднадумцы Тараса Сургана паскардзіліся на паводзіны Цыганковай старшыні Чыгуначнага суду Раісе Лупянковай, і тая прысутнічала на паседжанні пасля перапынку.

 

Адразу пасьля агучваньня пастановы суда Тараса ўзялі пад варту і адвезьлі ў сьледчы ізалятар часовага утрыманьня, дзе ён адбудзе наступныя 7 сутак.

На думку Таццяны Севярынец, гэтая справа звязаная са справай Сяргея Каваленкі, які 7  студзеня вывесіў нацыянальны сцяг на галоўнай елцы Віцебска. 

 

“Тарас і Сяргей – сябры і неаднаразова затрымліваліся за вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў”.

Навіны па тэме