У Віцебску затрымалі яшчэ двух сябраў БХД

15.01.2010, 14:29  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Сёння ў Віцебску затрымалі сябраў “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Алеся Галаваня і Валера Раманенку. Як мяркуюць актывісты БХД - у сувязі са справай вывешвання на цэнтральнай елцы Віцебска Сяргеем Каваленкам нацыянальнага сцяга.

 

Як паведаміла кіраўнічка Віцебскай арганізацыі БХД Таццяна Севярынец, Алеся Галаваня затрымалі на вуліцы, калі ён ішоў у паліклініку. Двое міліцыянтаў схапілі яго і пасадзілі ў машыну, вязуць у Першамайскі РАУС Віцебска. Валера Раманенку схапілі таксама на вуліцы. Цяпер хлопцы знаходзяцца ў Першамайскім РАУС Віцебска. Абвінавачання ім пакуль не высунулі.

 

Павел Севярынец, які цяпер знаходзіцца ля пастарунка, кажа, што ў Віцебску «пачалося паляванне на дэмакратычных актывістаў».

 

Нагадаем, 27-гадовы Галавань быў адным зь лідэраў дэмакратычнага руху ў Віцебску неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі. У апошні раз ён быў затрыманы 27 верасьня, падчас візыту ў Віцебск патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, у час раздачы бюлетэняў БХД «Прамень» і «Крыніца». 30 верасьня ён быў зьбіты невядомымі, якія намякнулі яму, што прычынай зьбіцьця стала яго скарга з нагоды яго затрыманьня. У канцы 2009 году Алесь Галавань падчас паездкі ў Рыгу на семінар маладых хрысьціянскіх дэмакратаў амаль прыняў рашэнне не вяртацца  ў Беларусь. Пазней, вярнуўшыся дадому, доўга хварэў, ляжаў у лякарні.

 

Навіны па тэме