Украіна выбірае прэзідэнта

17.01.2010, 23:20  |  Навіны, Свет

17 студзеня ва Ўкраіне адбыўся першы тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. У другі тур выбараў, паводле дадзеных апытаньняў на выхадах з выбарчых участкаў “экзыт-пол”, выходзяць лідэр апазыцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч і кіраўнік ураду Юлія Цімашэнка. Яўка на выбарах склала каля 67 працэнтаў галасоў.

 

Юлія Цімашэнка праз гадзіну пасьля завяршэньня галасаваньня заклікала да перамоваў на аснове дэмакратычных і эўрапейскіх каштоўнасьцяў тых дэмакратычных кандыдатаў, якія пасьля 17 студзеня сышлі з выбарчай гонкі.

 

“Я як кандыдат у прэзыдэнты ніколі не дапушчу, каб краіна зьвярнула з таго шляху, на які яна ўпэўнена ступіла ў 2004 годзе. Гэта шлях барацьбы за адраджэньне справядлівасьці, нашага эўрапейскага напрамку разьвіцьця, шлях станаўленьня і адраджэньня дэмакратыі. Будзе зроблена тое, што іншым не ўдалося зрабіць за папярэднія гады”,-- сказала Цімашэнка.

 

Юлія Цімашэнка падзякавала сваім выбарцам і заклікала ўвесь дэмакратычны электарат да аб’яднаньня:

 

Перамовы трэба весьці не вакол пасад, а вакол таго, як пабудаваць Украіну, і я гатовая усім кандыдатам ад дэмакратычных сіл прабачыць усе абразы і адкрыць новую старонку”.

 

Аднак Сяргей Цігіпка, які займае трэцяе месца, ужо заявіў, што ён заклікае сваіх выбаршчыкаў не галасаваць ні за каго з кандыдатаў якія выйшлі ў другі тур:

 

Я веру, што мой выбаршчык – разумны чалавек і вызначыцца сам, за каго галасаваць”.

 

Віктар Януковіч сам пакуль першыя вынікі выбараў не камэнтаваў, а ягонае атачэньне выказвае перакананьне ў ягонай перамозе ў другім туры.

 

Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, разрыў паміж Януковічам і Цімашэнка складае 4 працэнты. Вынікі сацапытаньня наступныя :

 

Януковіч – 31,5%

Цімашэнка – 27,2%

Цігіпка – 13,5%

Яцэнюк – 7,8%

Юшчанка – 6,0%

 

Першыя вынікі падліку галасоў будуць вядомыя раніцай.

Навіны па тэме