Івянец: абвастрылася сытуацыя вакол Саюзу палякаў

21.01.2010, 11:22  |  Навіны, Палітыка

Кіраўніцу Дома польскага ў Івянцы Тэрэсу Собаль выключылі з праўладнага Саюзу палякаў, хаця яна ў яго не ўступала і па-ранейшаму падтрымлівае Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, не прызнаваны ўладамі.

 

Пра гэта паведаміў адзін з паплечнікаў Анжалікі Борыс — Андрэй Пачобут, які знаходзіцца цяпер у Івянцы. Ён кажа, што разам зь ім у Доме польскім яшчэ некалькі актывістаў. Яны баяцца, што ўлады хочуць забраць будынак.

 

Раніцай 21 студзеня каля 100 актывістаў Саюзу палякаў, не прызнанага ўладамі, сабраліся ў Горадні, каб на розных машынах паехаць у Івянец Валожынскага раёну.

 

У Івянцы ўлады сёньня мяркуюць правесьці сход, стварыць праўладную арганізацыю Саюзу палякаў і забраць Дом польскі ў мясцовых актывістаў, якія належаць да Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

 

На выезьдзе з Горадні, а таксама каля Шчучына міліцэйскія патрульныя машыны спынялі машыны з актывістамі.

 

Была спыненая і машына, дзе ехала Анжаліка Борыс. Спадарыня Борыс перасела ў іншы аўтамабіль.

 

Каля Шчучына быў спынены і мікрааўтобус з 9 актывістамі. Іх павезьлі ў мясцовую міліцыю.

 

Нагадаем, што адносна Тэрэсы Собаль у студзені была распачата крымінальная справа аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, у якой яна фігуруе ў якасьці падазраванай.

Навіны па тэме