Пасол Польшчы ў Беларусі вярнуўся ў Менск

11.02.2010, 10:41  |  Навіны, Палітыка

Пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін вярнуўся ў Менск. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар пасольства Павел Марчук.

 

"Пасол зараз знаходзіцца ў Менску", — сказаў ён. Аднак не стаў каментаваць прычыны вяртання дыпламата, які некалькі дзён таму быў адкліканы ў Варшаву для кансультацый.

 

Нагадаем, 9 лютага ў дыппрадстаўніцтве Польшчы паведамілі, што Літвін адкліканы ў сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы.

 

Паводле інфармацыі польскіх СМІ, 8 лютага пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак быў выкліканы ў польскае МЗС. Польскі бок выказаў яму сур'ёзную занепакоенасць дзеяннямі беларускіх праваахоўных органаў у дачыненні да Дома польскага ў Івянцы. У МЗС Беларусі гэтую інфармацыю пацвердзіць не змаглі.

 

Канфлікт паміж прадстаўнікамі афіцыйнага і неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі абвастрыўся ў сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы (Валожынскі раён Мінскай вобласці). Кожны з бакоў сцвярджае, што мае права на ўласнасць. 8 лютага судовыя выканаўцы зрабілі вопіс маёмасці Дома польскага і выправадзілі з будынка актывістаў неафіцыйнага СПБ. Кіраўніцтва арганізацыі расцаніла гэта як "захоп" і звярнулася па падтрымку да польскіх уладаў.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме