"Малады фронт" правёў у Менску акцыю

14.02.2010, 21:22  |  Навіны, Палітыка

Ад 20 да 30 чалавек затрымана ў цэнтры Менска ўвечары 14 лютага ў ходзе несанкцыянаванай акцыі міжнароднага маладзёжнага аб`яднання "Малады фронт", прысвечанай Дню святога Валянціна.

 

У 18 гадзін некалькі дзесяткаў маладых людзей сабраліся на плошчы Свабоды. Яны мелі намер правесці шэсце да плошчы Незалежнасці. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным папярэдзілі ўдзельнікаў, што акцыя не санкцыянаваная і за яе правядзенне арганізатары будуць несці адказнасць. Намеснік старшыні "Маладога фронту" Іван Шыла паспеў уручыць лідэру маладзёжнай арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" Міхаілу Пашкевічу статуэтку ў выглядзе зерня. Пашкевіч стаў лаўрэатам маладафронтаўскай прэміі "Люблю Беларусь" у намінацыі "За грамадскую дзейнасць". Малады палітык праводзіў кампанію ў падтрымку альтэрнатыўнай вайсковай службы. Гэтыя прэміі "Малады фронт" планаваў уручыць лаўрэатам у мінскай гасцініцы Crowne Plaza, адмовіўшыся ад традыцыйнай вулічнай акцыі 14 лютага, аднак дагавор аб арэндзе памяшкання быў скасаваны, і "МФ" вырашыў вярнуцца да ранейшага фармату святкавання Дня святога Валянціна.

 

Пасля таго як Шыла ўручыў прэмію, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным пачалі затрымліваць удзельнікаў акцыі. Некалькі маладых людзей паспрабавалі разгарнуць транспарант "Люблю Беларусь", аднак таксама былі затрыманы. Пасля гэтага дэманстранты спусціліся з плошчы Свабоды да прыпынку грамадскага транспарту, скандуючы "Жыве Беларусь!". Да прыпынку пад`ехаў міліцэйскі аўтобус, і пачаліся затрыманні.

 

Сярод затрыманых — Іван Шыла, Міхаіл Пашкевіч і мастак Алесь Пушкін, які трымаў над галавой карціну.

 

16 лютага актывісты "Маладога фронту" збіраюцца абысці пасольствы краін Еўрасаюза, каб павіншаваць іх з Днём святога Валянціна.

Навіны па тэме