"Ханс-Герт Пётэрынг: Грамадству, якое вымушана змагацца за дэмакратычныя каштоўнасці, патрэбна падтрымка і салідарнасць

14.02.2010, 21:28  |  Навіны, Палітыка

11—13 лютага Беларусь наведаў вядомы нямецкі палітык, былы кіраўнік Еўрапарламента Ханс-Герт Пётэрынг. За час сваёй першай замежнай камандзіроўкі ў якасці новага старшыні Фонду Конрада Адэнаўэра энергічны палітык правёў у Менску дзесяткі сустрэч з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

 

Я прыехаў як кіраўнік Фонду Адэнаўэра і былы старшыня Еўрапарламента, каб падтрымаць дэмакратычныя рухі, якія выступаюць за свабодную і прававую Беларусь. Грамадству, якое вымушана змагацца за гэтыя каштоўнасці, патрэбна падтрымка і салідарнасць. Наша пасланне беларусам, якія імкнуцца да дэмакратыі, — мужайцеся! Мы з вамі.

 

— Вы занялі пасаду ў снежні 2009 года. Чаму Ваш першы замежны візіт менавіта ў Беларусь?

 

Каб прадэманстраваць, што мы выступаем за дэмакратыю ў Еўропе і ва ўсім свеце, спрабуем садзейнічаць самарэфармаванню аўтарытарных рэжымаў. Было б няправільна закрыцца ў паспяховай Германіі і Еўрасаюзе, цешыцца свабодай і дэмакратыяй і забыць пра тых, хто жыве не ў свабодным грамадстве. Мы хочам дапамагчы ім.

 

— Які вынік Вашых сустрэч у Мінску?

 

Я ўмацаваўся ў думцы, што ў Беларусі аўтарытарны рэжым і дэмакратычным сілам вельмі складана свабодна развівацца. Тут шмат рэпрэсій і магчымасцей для рэжыму абмяжоўваць свабоду. Мы крытыкуем той факт, што партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" адмоўлена ў рэгістрацыі. Гэта яшчэ адно сведчанне рэпрэсій. Прычым напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы ў красавіку, якія могуць стаць важным крокам да дэмакратыі.

 

— Мясцовыя выбары важныя і цікавыя ЕС?

 

Канешне. Калі на мясцовым узроўні няма разумных, структур, якія працуюць, то на чым будаваць дэмакратыю? Выбары ў мясцовыя саветы таксама важныя, як выбары ў парламент і любыя іншыя выбары. Дэмакратыя пачынаецца там, дзе жывуць людзі, — у вёсках, мястэчках, гарадах.

 

— У кіраўніка Еўрапарламента і кіраўніка фонду — розныя функцыі. І розныя погляды на сітуацыю ў Беларусі?

 

У ЕС, Еўрапарламента і Фонду Адэнаўэра розныя задачы. Але фонд — частка дэмакратычнага і свабоднага развіцця Германіі і ЕС. Разам мы выступаем за тое, каб народы Еўропы маглі свабодна карыстацца правам на самавызначэнне, дэмакратыю, вяршэнства закона. Нашы задачы ўзаемадапаўняльныя.

 

— Як Фонд Адэнаўэра працягне працу з Беларуссю?

 

На жаль, у нас няма прадстаўніцтва ў Мінску. Бюро па Беларусі, якое ўзначальвае выдатны супрацоўнік, знаходзіцца ў Вільнюсе. Праекты для Беларусі рыхтуюцца і рэалізуюцца адтуль. Спадзяюся, што ў нас будзе магчымасць адкрыць бюро ў беларускай сталіцы.

 

— Сёння Беларусь — апошняя дыктатура Еўропы?

 

Гэта пытанне тэрміналогіі. З упэўненасцю можна сказаць, што ў Еўропе фактычна няма іншай краіны, дзе было б менш дэмакратычнага развіцця, чым у Беларусі. Але калі няма веры, няма і смеласці працягваць палітычную працу. Мой палітычны вопыт гаворыць, што поспех чакае таго, хто рашучы, хто выступае за каштоўнасці. Я ўпэўнены, што аднойчы Беларусь будзе дэмакратычнай краінай, увойдзе ў Савет Еўропы і будзе цесна працаваць з еўрапейскімі структурамі.

 

— Ужо прынята рашэнне аб фармаце беларускай дэлегацыі ў Еўранесце?

 

Гэтая парламенцкая асамблея аб'яднае еўрадэпутатаў і дэпутатаў краін палітыкі Усходняга партнёрства. Але пытанне, як будзе прадстаўлена Беларусь, застаецца адкрытым, таму што выбары ў парламент не былі прызнаны дэмакратычнымі. Мы настойваем, каб у Еўранест ад Беларусі ўвайшлі не толькі прадстаўнікі рэжыму, і думаем, як уключыць у працу асамблеі грамадзянскую супольнасць і апазіцыю. Канешне, яны не могуць быць прызначаны беларускімі ўладамі або прэзідэнтам.

 

— З якім пачуццём Вы ад'язджаеце?

 

Я ад'язджаю, ведаючы, што ў Беларусі ёсць цудоўныя людзі, якія працуюць на карысць свабоды і дэмакратыі. Былі яны і ў былых камуністычных краінах. Але СССР разваліўся, Германія аб'ядналася, а Польшча і многія іншыя краіны Цэнтральнай Еўропы цяпер члены ЕС. Гэты вопыт дае нам поўнае права спадзявацца, што ў Беларусь прыйдуць перамены. Я ўпэўнены, гэты рэжым не можа застацца адзіным аўтарытарным у Еўропе, калі мы падтрымаем дэмакратычны рух. А я менавіта для гэтага і прыехаў.

 

Даведка. Ханс-Герт Пётэрынг — нямецкі палітычны дзеяч, член партыі "Хрысціянска-дэмакратычны саюз". Дэпутат Еўрапарламента з 1979 года. У 1999—2007 гадах узначальваў самую буйную фракцыю — Еўрапейскую народную партыю. Старшыня Еўрапарламента ў студзені 2007 — чэрвені 2009 года. Са снежня 2009 года — старшыня Фонду Конрада Адэнаўэра.

 

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме