Польшча занепакоена сітуацыяй вакол польскай меншасці ў Беларусі

15.02.2010, 19:20  |  Навіны, Палітыка

Міністэрства замежных спраў Польшчы "глыбока занепакоена рэпрэсіўнымі дзеяннямі" і развіццём сітуацыі вакол польскай меншасці ў Беларусі. Пра гэта заявіў журналістам 15 лютага намеснік міністра замежных спраў Анджэй Крэмер.

 

Як паведамляе інфармагенцтва РАР, МЗС Польшчы меў размовы з паслом Беларусі ў Варшаве і польскім паслом у Менску. Паводле слоў Крэмера, міністэрства працуе над спісам беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне да эскалацыі канфлікту, ім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы.

 

Крэмер адзначыў, што на перамовах 12 лютага кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі "вельмі выразна" прадставіў два магчымыя варыянты развіцця адносін паміж Польшчай, ЕС і Беларуссю: паглыбленне адносін ці іх замарожванне.

 

Паводле слоў Крэмера, "Беларусь імкнецца да самаізаляцыі". Польшча, адзначыў намеснік міністра, жадае прадоўжыць паступовае развіццё супрацоўніцтва, але — на аснове агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў, у тым ліку выканання правоў чалавека і правоў нацыянальных меншасцяў.

 

"Мы чакалі, што працэс прыняцця рашэнняў (маюцца на ўвазе дамоўленасці, дасягнутыя міністрамі замежных спраў Беларусі і Польшчы ў Варшаве 12 лютага. — БелаПАН.) будзе крыху хутчэйшым", — сказаў Крэмер. Варшава "чакае, што рэпрэсіі будуць спыненыя, будзе праяўленая добрая воля, не будзе пагаршацца становішча польскай меншасці ў Беларусі", падкрэсліў ён.

 

Каментуючы заяву польскага еўрадэпутата Паўла Коваля, які ахарактарызаваў палітыку МЗС Польшчы ў дачыненні да Беларусі як "катастрофу", Крэмер назваў падобныя выказванні заўчаснымі.

 

15 лютага беларускімі ўладамі было затрымана кіраўніцтва неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс.

 

Борыс аштрафаваная на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гродне несанкцыянаванага мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі СПБ.

 

Кіраўнік нефармальнага СПБ у Івянцы Тэрэса Собаль абвінавачаная ў захопе мясцовага Дома палякаў. Іск у дачыненні да Собаль падаў старшыня афіцыйна зарэгістраванага СПБ Станіслаў Сямашка.

 

Усяго 15 лютага ў розных месцах Беларусі было затрымана каля 40 актывістаў неафіцыйнага СПБ, якія накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна. Усе затрыманыя неўзабаве былі адпушчаныя.

 

11—12 лютага кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў наведаў з візітам Польшчу.

 

Пасля заканчэння сустрэчы з ім кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў: "Збліжэнне Еўрасаюза з Беларуссю рэалізуецца як палітыка ўмоў і залежыць ад ступені павагі правоў нацыянальных меншасцяў і правоў чалавека ў Беларусі". Ён выказаў надзею на тое, што "сітуацыя з польскай дыяспарай у Беларусі наладзіцца".

 

У сваю чаргу, Мартынаў адзначыў, што беларускія ўлады "не праводзяць рэпрэсій у дачыненні да польскай меншасці". Ён падкрэсліў, што палякі ў Беларусі з'яўляюцца "неад'емнай часткай грамадства і павінны выконваць беларускія законы".

 

Кіраўнік МЗС канстатаваў "адсутнасць паразумення паміж дзвюма групамі ўнутры польскай дыяспары", аднак заявіў, што "беларускія ўлады не жадаюць умешвацца". "Абедзве групы павінны дамовіцца самі", — падкрэсліў Мартынаў.

 

Прэзідэнт Лех Качыньскі запрасіў Анжаліку Борыс наведаць Варшаву на гэтым тыдні. Аднак, як заявіла БелаПАН Борыс, у сувязі з арыштамі актывістаў СПБ запланаваная сустрэча можа не адбыцца.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме