Папа Рымскі намінаваны на ганаровую музычную прэмію

16.02.2010, 13:51  |  Навіны, Свет

Папа Рымскі Бенедыкт XVI папоўніў нешматлікі спіс рэлігійных дзеячаў, якія маюць дачыненне да музычнай культуры. Як паведамляюць брытанскія СМІ, кіраўнік каталіцкай царквы намінаваны на самую прэстыжную музычную прэмію каралеўства Classical Brit Awards.

 

У намінацыі на лепшы музычны альбом з класічнай музыкай прадстаўлены зборнік "Альма Матэр - музыка з Ватыкана". У альбом увайшлі запісы твораў сучаснай класічнай музыкі ў выкананні хору Рымскай філарманічнай акадэміі і брытанскага Каралеўскага філарманічнага аркестра.

 

У альбоме Папа Рымскі Бенедыкт XVI чытае малітвы і выконвае рэлігійныя спевы на фоне класічнай музыкі. Запісы голасу пантыфіка ўзятыя з фанатэкі радыё Ватыкана.

 

Разам з працай Папы Рымскага на прэмію намінаваныя 10 альбомаў, двое з якіх запісаны ўдзельнікамі брытанскіх тэлевізійных рэаліці-шоу Britain's Got Talent і X-factor. З пантыфікам паспаборнічае таксама гурт з трох каталіцкіх святароў, намінаваны за альбом "Гармонія".

 

Пераможца прэміі, якога вызначаць шляхам галасавання на інтэрнэт-сайце, будзе абвешчаны 13 мая. Цырымонія ўзнагароджання пройдзе ў лонданскім каралеўскім "Альберт-Холе".

Навіны па тэме