У Расеі неўзабаве абмяжуюць місіянерскую дзейнасць

16.02.2010, 14:08  |  Навіны, Свет

Місіянерская дзейнасць у дачыненні да непаўнагадовых расейцаў у найбліжэйшай будучыні будзе абмежавана. Змяненні ў федэральны закон "Аб свабодзе сумлення і аб рэлігійных аб'яднаннях" і ў Кодэкс РФ аб адміністрацыйных правапарушэннях ужо падрыхтаваныя.

 

Пра гэта са спасылкай на Міністэрства юстыцыі Расейскай Федэрацыі паведамляе Хрысціянскі мегапартал invictory.org.

 

У прэс-рэлізе Мін’юста Расеі адзначаецца, што законапраект накіраваны "на заканадаўчае азначэнне паняцця місіянерскай дзейнасці, а таксама на замацаванне абмежаванняў, на ажыццяўленне рэлігійнымі аб'яднаннямі місіянерскай дзейнасці ў дачыненні да непаўналетніх".

 

Змены ў заканадаўстве, якія тычацца місіянерскай дзейнасці рэлігійных арганізацый, былі падрыхтаваны Мінюстам РФ па даручэнні прэзідэнта.

 

Дакумент выклікаў пратэст з боку прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый.

 

У законапраекце ўпершыню даецца вызначэнне місіянерства ў Расеі, пры гэтым права прапаведаваць дадзена толькі кіраўнікам рэлігійных арганізацый або асобам, якія маюць спецыяльную даверанасць ад кіраўніцтва сваёй царквы. Астатнім прапагандаваць рэлігійныя ідэі будзе забаронена, тады, як сёння для гэтага ніякіх дазволаў не патрабуецца.

 

У дакуменце прадугледжаны і шэраг іншых абмежаванняў на місіянерскую дзейнасць. Так, напрыклад, забаронена прапаведаваць "асобам, асуджаным за распальваньне міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці ці іншыя злачынствы экстрэмісцкага характару". Нельга прапаведваць паблізу ад "аб'ектаў рэлігійнага прызначэння, якія належаць іншаму рэлігійнаму аб'яднанню, без пісьмовай згоды яго кіруючага органа", а таксама ў будынках органаў дзяржулады, бальніцах, дзіцячых дамах, дамах-інтэрнатах без згоды адміністрацыі. Яшчэ адным новаўвядзеннем з'яўляецца забарона на "ўцягванне непаўнагадовага ў дзейнасць рэлігійнага аб'яднання насуперак яго волі і без згоды яго бацькоў": дзяцей і падлеткаў нельга будзе запрашаць у храм, весці багаслоўскія размовы, даваць для азнаямлення друкаваныя і аўдыё-і відэаматэрыялы.

 

За парушэнне абмежавальных нормаў ўпершыню прадугледжаны санкцыі: штрафы ад 2 да 5 тысяч расейскіх рублёў для фізічных асоб і ад 5 да 7 тысяч рублёў для юрыдычных асоб.

 

Навіны па тэме