Лукашэнка даручыў распрацаваць закон пра альтэрнатыўную службу

18.02.2010, 21:46  |  Навіны, Палітыка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даручыў распрацаваць праект закону аб альтэрнатыўнай службе. Пра гэта паведамілі Інтэрфаксу ў прэзыдэнцкай прэс-службе па выніках сустрэчы кіраўніка краіны зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі Леанідам Мальцавым.

«Па гэтай тэме багата розных інсынуацый. Між тым у Беларусі альтэрнатыва тэрміновай службы дзейнічае. Напрыклад, апроч тэрміновай службы, ёсьць служба ў рэзэрве, якая ёсьць альтэрнатыўнай. Юнакі таксама атрымліваюць вайсковыя спэцыяльнасьці на вайсковых факультэтах і ваенных катэдрах у навучальных установах, а затым тэрмін іх службы складае ўсяго 6 месяцаў», — адзначыў дзяржсакратар Рады бясьпекі.

Паводле Мальцава, рашэньне аб вызваленьні ад тэрміновай службы на законных падставах можа прымаць прэзыдэнт.

 

«Адпаведна, штогод выдаецца ўказ, на падставе якога даюцца адтэрміноўкі, у тым ліку для тых грамадзянаў, якія паводле сваіх рэлігійных перакананьняў ня могуць браць у рукі зброю», — заявіў Леанід Мальцаў.

Нагадаем, за адмову ад службы ў войску дзеля рэлігійных перакананьняў прызыўнік з Гомелю Яўген Якавенка быў пакараны штрафам у памеры 175 тысяч рублёў.

На падставе пратаколу гарадзкога ваенкама яго абвінавацілі ў тым, што ён не зьявіўся 29 сьнежня без паважных прычын на «мерапрыемствы прызыву».

25-гадовы Яўген Якавенка адмаўляецца праходзіць тэрміновую службу зь меркаваньняў сумленьня. 2 лютага 2010 году ён накіраваў ужо трэцюю па ліку заяву з просьбай накіраваць яго на альтэрнатыўную службу.

Гэтаксама 1-га лютага суд Менскага раёну абвінаваціў прызыўніка Івана Міхайлава ва ўхіленьні ад службы і прысудзіў да трох месяцаў арышту.

Іван Міхайлаў з рэлігійных перакананьняў адмовіўся праходзіць тэрміновую вайсковую службу і дамагаўся, каб яму прызначылі цывільную службу. 15 сьнежня 2009 году Іван Міхайлаў быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар у Жодзіне. У суд Менскага раёну дастаўляўся пад канвоем, у кайданках.

У лістападзе 2009 году ў Гомелі за ўхіленьне ад вайсковай службы быў асуджаны гамяльчук Зьміцер Смык, які падаў заяву на праходжаньне альтэрнатыўнай службы.

Навіны па тэме