Пасольства Польшчы: БТ і АНТ хлусяць

26.02.2010, 16:40  |  Навіны, Палітыка

Пасольства Польшчы 26 лютага распаўсюдзіла адмысловае камюніке, дзе адзначаецца непраўдзівасць ці хлуслівасць інфармацыі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах.

 

У прыватнасці, гаворка ідзе пра выпускі навін на тэлеканале БТ. У матэрыялах пра Саюз палякаў у Беларусі з’явілася інфармацыя «аб намеры адарваць і далучыць да Польшчы «цэлыя азначаныя рэгіёны Беларусі на правах усходніх тэрыторый. Аб недахопе ў Польшчы школ для беларускай меншасці, інфармацыю пра паланізацыю і праследаванні беларускай меншасці ў Рэспубліцы Польшча. Пра «паланізацыю» і «пераслед» польскімі ўладамі беларускай нацыянальнай меншасці быў выкарыстаны тэрмін «этнацыд» — напэўна па аналогіі з генацыдам».

 

«Гэтая інфармацыя выразна не адпавядае рэчаіснасці, — зазначаюць у пасольстве. — У якасці каментарыя няхай паслужыць паведамленне, што ў Польшчы дзейнічаюць у сучасны момант 20 базавых школ, 14 гімназій і некалькі ліцэяў, у якіх прадметы выкладаюцца на беларускай мове».

 

Таксама пасольства мае прэтэнзіі і да тэлеканала АНТ.

 

«Публікацыя палемічных матэрыялаў дапускаецца і знаходзіцца ў межах журналісцкай этыкі, аднак змяшчэнне несапраўднай інфармацыі альбо сумніўнай у значэнні кантэксту ёсць не толькі дрэнным звычаем, але і злачынствам у святле беларускага заканадаўства. Шэраг несапраўдных дадзеных, прадстаўленых да публічнага ведама, можна было лёгка праверыць», — адзначаецца ў камюніке.

 

«З вялікай занепакоенасцю і шкадаваннем мы ўспрымаем антыпольскую прапагандысцкую кампанію, прапанаваную беларускім дзяржаўным тэлебачаннем, і ацэньваем яе як дрэнны курс у дыялогу паміж нашымі дзяржавамі», — канчаецца зварот да прэсы.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме