Дэлегацыя Еўрапарламенту сустрэлася з беларускай апазіцыяй

27.02.2010, 11:03  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Вечарам 26 лютага прадстаўнікі ЕС правялі сустрэчу з шырокім прадстаўніцтвам дэмакратычных сілаў Беларусі. Прадстаўнікі ЕС заявілі, што беларуская апазіцыя будзе прысутнічаць у “Еўранэсце” у любым выпадку. Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю на сустрэчы прадстаўляў сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі.

 

Афіцыйная місія Еўрапарламента 25—27 лютага праводзіць у Менску сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і апазіцыі дзеля правядзення палітычных кансультацый пра фармаце ўдзелу Беларусі ў парламенцкай асамблеі палітыкі ЕС "Усходняе партнёрства" (Еўранэст).

 

У складзе місіі старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў «Еўранэсце», cацыяліст Крыстыян Вігенін (Баўгарыя), сацыяліст Юстас Палецкіс (Літва), які ёсць дакладчыкам па сытуацыі ў Беларусі ў міжнароднай камісіі Еўрапарламенту, сябра фракцыі лібэралаў, кіраўнік дэлегацыі па Беларусі Яцэк Пратасевіч (Польшча) і Хэйдзі Хаўтала (Фінляндыя), сябра партыі «зялёных», якая ўзначальвае падкамісію па правах чалавека.

 

Напярэдадні сустрэчы з апазіцыяй, еўрапарламентарыі, на нейтральнай тэрыторыі, у Нацыянальнай бібліятэцы, сустрэліся з кіраўнікамі сталых камісіяў Савету Рэспублікі Нінай Мазай і Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Маскевічам. Місія прапаноўвала ўладам вядомы ўжо кампрамісны варыянт – пяць назіральнікаў ад апазыцыі плюс пяць прадстаўнікоў парлямэнту Беларусі. Аднак прапанова дэлегацыі не была прынятая ўладамі.

 

Замест гэтага, як паведаміў Віталь Рымашэўскі, дэлегацыі Еўрапарламенту уручылі ліст  за подпісам кіраўнікоў парламентаў усіх усходніх краінаў, уключаных у праграму “Усходняе партнёрства”, з просьбай уключыць беларускіх парламентарыяў у “Еўранэст”.

 

Апроч таго, улады прапанавалі такі варыянт: 10 прадстаўнікоў парламенту з паўнавартасным статусам і 10 прадстаўнікоў апазіцыі са сатусам назіральнікаў.

 

Гэты варыянт абсалютна непрымальны для нас, гэта поўная капітуляцыя перад дыктатурай”, - зазначылі ўсе ўдзельнікі сустрэчы.

 

Афіцыйная місія ЕС заявіла апазіцыі, што прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі будуць у “Еўранэсце” у любым выпадку. Фармат удзелу яшчэ абмяркоўваецца. Рашэнне па складу беларускай дэлегацыі ў “Еўранэсце” будзе прынятае пасля таго, як місія апублікуе даклад паводле вынікаў візіту ў Менск.

 

Як распавёў Віталь Рымашэўскі, падчас учорашняй сустрэчы абмяркоўваліся таксама пытані стратэгіі паводзінаў Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі ў склаўшыхся ўмовах.

 

Адбылася досыць шчырая размова. На маю думку, ва ўсіх склалася адзінадушнае меркаванне, што ў Беларусі пачаўся працэс рэпрэсій супраць усіх незалежных арганізацыяў, як то Саюз пісьменнікаў Беларусі, царква “Новае Жыццё”, Саюз палякаў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мае намер знішчыць усе незалежныя супольнасці, і з гэтым пагадзіліся нашыя суразмоўцы”, - адзначыў сустаршыня БХД

 

Прадстаўнікі еўрадэлегацыі звярнуліся да беларускай апазіцыі са зваротам дапамагчы ў распрацоўцы для Еўрасаюза адзінай стратэгіі дзеянняў у дачыненні да Беларусі. Бакі дамовіліся супольна працаваць над выпрацоўкай гэтай стратэгіі.

 

Я выказаў адназначную пазіцыю Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыя пра недапушчальнасць прызнання Еўрасаюзам беларускага парламенту і працы з ім на роўных. Легітымізаваць парламент – значыць, пазбавіць беларускія ўлады матывацыі зрабіць свабодныя выбары хоць калі-небудзь”, - сказаў Віталь Рымашэўскі.

Навіны па тэме