42-гадовага актывіста БХД хацелі загнаць у “партызаны”

02.03.2010, 13:23  |  Галоўныя навіны, Выбары ў Мясцовыя Саветы, Навіны

19 гадоў ваенкамат не меў пытанняў да сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Змітра Лупача з Глыбокага. Калі ж ён вырашыў балатавацца ў Глыбоцкі райсавет – выклікалі на зборы.

 

Зборы праходзяць з 4 па 30 красавіка – акурат падчас выбарчай кампаніі. Апошні раз сувязіст Зміцер Лупач быў на зборах у 1990 годзе, калі яшчэ жыў не ў Глыбокім. Глыбоцкі ж ваенкамат за ўсе гэтыя гады ні разу не пацікаваўся “каштоўным ваенным кадрам”.

 

На мінулых мясцовых выбарах, - кажа актывіст БХД, - у мяне знайшлі памылку ў дэкларацыі: забыўся пазначыць, што прадаў карову, бо адразу ж набыў новую. Цяпер з дэкларацыяй быццам бы ўсе чыста, дык шукаюць, як мяне з іншага боку прышчучыць.

 

Згодна заканадаўства, ад збораў вызваляюцца супрацоўнікі міліцыі, КДБ, дэпутаты і тыя, хто мае трох непаўналетніх дзяцей. А ў Лупача дзве дачкі і сын, усім яшчэ няма 18 гадоў.

 

Даведаўшыся пра гэта, супрацоўнікі ваенкамату прабачыліся і адпусцілі. Праўда, прапанавалі дабраахвотна пайсці на зборы, бо не хапае сувязістаў. Аднак Зміцер Лупач адмовіўся. У суботу ён плануе скончыць збор подпісаў.

Навіны па тэме