БХД занялася мандалой

04.03.2010, 11:35  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі звярнулася да дзяржаўных ворганаў з заклікам звярнуць увагу на праблему выкладання акультных рытуалаў у школах.

 

Зварот за подпісам чатырох сустаршыняў БХД накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру і Міністэрства адукацыі.

 

Гаворка вядзецца пра афіцыйнае выкладанне індуісцкіх акультных рытуалаў у беларускай гімназіі, што з’яўляецца гвалтам над дзіцячай псіхікай.

 

- У сталічнай гімназіі № 31 школьнікаў малодшых класаў вучаць акультным тэхнікам, - паведамляецца ў звароце БХД. Школьны псіхолаг Наталля Гаціла афіцыйна выкарыстоўвае ў сваёй працы з вучнямі 1-6 класаў тэхніку мандалы. Пра гэта даведалася адна з маці. Зайшоўшы на сайт гімназіі № 31 (Фрунзенскі раён Менску), у якой вучыліся яе дзеці, на старонцы псіхолага яна знайшла цэлы раздзел "Мандала". Артыкул называецца "Выкарыстанне тэхнікі Мандала ў рабоце школьнага псіхолага". Школьны псіхолаг сцвярджае, што методыкі мандалы, якія яна выкарыстоўвае ў сваёй працы з дзецьмі, размешчаны ў афіцыйным выданні Міністэрства адукацыі - часопісе "Сталічная адукацыя сёння".

 

- Настойліва просім вас прыняць меры для спынення практыкі выкарыстання акультных рытуалаў і псіхатэхнік у школах, бо гэта з’яўляецца гвалтам над дзіцячай псіхікай, - заклікаюць хрысціянскія дэмакраты. Акрамя таго, у Рэспубліцы Беларусь, дзе 80-85% жыхароў называюць сябе хрысціянамі, выкарыстанне індуісцкіх рытуалаў у малодшых класах школаў відавочна парушае права на свабоду рэлігійных перакананняў нашых дзяцей, - адзначаецца ў звароце БХД.

 

Навіны па тэме