Cудзяць Аўтуховіча і Асіпенку

10.03.2010, 12:09  |  Навіны, Палітыка

10 сакавіка а 10-й гадзіне справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў пачаў разглядаць Вярхоўны суд Беларусі.

 

11.40 Атуховіч, калі выступаў з хадайніцтвамі заявіў, што на яго аказвалі ціск і выбівалі паказаньні. Аўтуховіч таксама папрасіў суд высьветліць, хто наведваў Аляксандра Ларына у камэры, пакуль вялося сьледзтва. Аўтуховіч кажа, што паказаньні часта мяняліся.

11.20 У судзе абвешчаны кароткі перапынак.

 

Аўтуховіч заявіў хадайніцтвы:

 

запрасіць грамадзкімі абаронцамі ягоных паплечнікаў Аляксандра Камароўскага і Алега Воўчака;перанесьці разгляд справы ў Менскі гарадзкі ці ў Гарадзенскі абласны суд;дазнаёміцца з матэрыяламі справы;

 

Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня выказаўся супраць другой таго, каб перанесьці разгляд справы ў іншы суд, аднак падтрымаў просьбу даць магчымасьць азнаёміцца падсудным з матэрыяламі справы.

 

Суд раіцца.

 

11.00 Старшыня групы салідарнасьці “Разам” Вячаслаў Сіўчык: “Я вельмі ўсьцешаны, што сёньня было вельмі шмат людзей. Вельмі кепска, што большасьць у будынак Вярхоўнага суду не дапусьцілі. Гэта пры тым, што ў нас прапісаная адкрытасьць судоў і іх. Паводзіны Міколы Аўтуховіча наогул былі гераічнымі. Тая галадоўка, якую ён вымушаны быў трымаць, наагул неверагодная”.

 

10.45 Тыя, хто не патрапіў у залю, напісалі скаргі. Прадпрымальнік Алесь Макаеў дамогся сустрэчы з намесьнікам старшыні Вярхоўнага суду Канюком. Макаеў патрабаваў, каб працэс адбываўся ў большай паводле памераў залі. Канюк прызнаў, што праблема існуе. Прадстаўнік ВС таксама паабяцаў, што заўтра усе жадаючыя змогуць патрапіць на працэс.

 

10.30 У судовай зале забаранілі фота- і відэаздымку. На лаве падсудных акрамя Аўтуховіча і Асіпенкі, знаходзіцца жыхар Ваўкавыску Аляксандар Ларын і былы маёр міліцыі Міхаіл Казлоў. На самым пачатку паседжаньня Аляксандар Ларын выказаўся супраць здымак. Фотакарэспандэнтаў і здымачныя групы выдалілі з залі.

 

10.15 Судовы працэс пачаўся. Супрацоўніца ВС паведаміла, што заля, разьлічаная на 70 чалавек, запоўненая цалкам.

 

Тыя, хто не патрапіў на працэс, пачалі абурацца. Некаторыя накіраваліся ў прыёмную Вярхоўнага суду пісаць скаргу. У прыёмнай дзяжураць два супрацоўніка спэцназу міліцыі.

 

На працэс спрабавалі таксама патрапіць прадпрымальнік Алесь Макаеў і былы палітвязень Сяргей Скрабец.

 

10.00 У будынак Вярхоўнага суду прапускаць паводле пашпартоў. Журналіста Свабоды пакуль не пусьцілі. Маўляў, вас няма ў сьпісе акрэдытаваных. Ля будынку суду прысутнічаюць праваабаронца Алесь Бяляцкі, грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык і палітык Андрэй Саньнікаў.

 

9.45 На паседжаньне суду, паводле сьпісаў, пусьцілі 20 чалавек. Журналісты дамагаюцца, каб ім таксама дазволілі прысутнічаць у залі суду.

 

На працэс прыйшлі лідэр БХД Павал Севярыынец, былы дэпутат ПП НС генэрал Валеры Фралоў, праваабаронца Алег Воўчак.

 

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец, былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі раёну Ўладзімер Асіпенка арыштаваныя 8 лютага 2009 году.

 

Сваёй віны ў падпале будынкаў і падрыхтоўцы да тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў Аўтуховіч і Асіпенка не прызнаюць. Яны тлумачаць перасьлед помстай за іх антыкарупцыйную дзейнасьць. Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча і Асіпенку палітычнымі зьняволенымі.

 

Трэцяга арыштаванага, Юрыя Лявонава, вызвалілі з-пад варты ў жніўні 2009 году. 24 верасьня зь яго зьнялі ўсе абвінавачваньні.

Навіны па тэме