Дзярждэп ЗША: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заставацца вельмі дрэннай

12.03.2010, 14:16  |  Навіны » Палітыка

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заставацца "вельмі дрэннай, таму што беларускія ўлады па-ранейшаму парушаюць гэтыя правы". Такая ацэнка ўтрымліваецца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб сітуацыі з захаваннем правоў чалавека ў свеце, які 11 сакавіка прэзентавала дзяржсакратар Хілары Клінтан.

 

"Гэтая справаздача з`яўляецца важным інструментам для актывістаў, якія змагаюцца за правы чалавека ва ўсім свеце, для журналістаў і вучоных, якія адсочваюць парушэнні правоў чалавека і паведамляюць пра тых, хто змагаецца, а таксама для ўрадаў, уключаючы наш уласны, у стратэгіі падтрымкі абароны правоў чалавека для вялікай колькасці людзей у вялікай колькасці краін", — сказала Клінтан.

 

У раздзеле, прысвечаным Беларусі, зазначаецца, што ў краіне "сур`ёзна абмежавана" права грамадзян на свабодныя выбары, улады не расследуюць належным чынам "палітычна матываваныя выпадкі знікнення людзей".

 

"Таксама працягваліся затрыманні і арышты людзей паводле палітычных матываў за крытыку ўлады або ўдзел у дэманстрацыях. Судовая сістэма пазбаўлена незалежнасці, прысуды былі вядомыя загадзя, а многія судовыя працэсы праводзіліся за зачыненымі дзвярамі", — гаворыцца ў дакладзе.

 

Яго аўтары зазначаюць, што ў 2009 годзе ўлады Беларусі абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, слова, сходаў і рэлігіі, а таксама працягвалі выкарыстоўваць "палітычна матываваны прызыў у армію маладзёжных актывістаў".

 

Апрача таго, пры разгоне мірных акцый пратэсту ў Беларусі супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянялі "празмерную сілу".

 

"Няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі зведвалі націск, штрафы і пераслед. Рэлігійныя дзеячы былі аштрафаваны або дэпартаваны за правядзенне набажэнстваў, а цэрквы працягвалі зведваць націск уладаў, — зазначаецца ў дакладзе. — Улады таксама працягвалі пераслед незалежных прафсаюзаў і іх членаў, што ўскладняла магчымасці рабочых ствараць або ўступаць у прафсаюзы і весці калектыўныя перамовы з работадаўцамі".

 

У якасці прыкладаў у дакуменце згадваюцца разгон і збіванне дэманстрантаў 16 лютага і 16 ліпеня 2009 года, разгон акцыі пратэсту супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў 9 верасня.

 

У дакладзе гаворыцца аб затрыманні і арышце ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, праслухоўванні тэлефонных размоў актывістаў апазіцыі, адмове ў распаўсюджванні недзяржаўных газет праз дзяржаўную сетку кіёскаў "Белсаюздруку", адлічэнні студэнтаў за грамадска-палітычную актыўнасць, дыскрымінацыі актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў на Беларусі і тых грамадзян, якія карыстаюцца беларускай мовай.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме