БХД заклікае ў Дзень Волі згадаць пра Ларысу Геніюш

22.03.2010, 09:50  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

У 2010 годзе спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выдатнай беларускай паэткі і патрыёткі, шчырай хрысціянкі і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу Ларысы Антонаўны Геніюш. Ларыса Геніюш, якая ў Празе была сакратаркай Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі, да канца жыцьця заставалася грамадзянкай БНР, не прыняўшы савецкага падданства.

 

З’езд беларусай свету, што прайшоў у ліпені мінулага года ў Менску, абвесціў 2010 год Годам Ларысы Геніюш. Нацыянальная Рада БХД падтрымала гэта абвяшчэнне і заклікае прысвяціць Ларысе Геніюш сёлетняе святкаванне Дня Волі.

 

Даўно імя славутай паэткі i патрыёткі Бацькаўшчыны стала легендай для беларусаў. А вызваліць хаця б добрую памяць пра яе з калючых дратоў ГУЛАГу немагчыма. Для сённяшніх уладаў Беларусі яна па-ранейшаму вораг. I рэабілітацыі не падлягае!

 

Адзінай мэты не зракуся,

I сэрца мне не задрыжыць.

Як жыць, дык жыць для Беларусі,

А без яе — зусім не жыць. 

 

Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 году ў маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласці Гарадзенскага павета (цяпер Ваўкавыскі раён Гарадзенскай вобласці). У 1928 годзе скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. У гэты час пачала пісаць вершы.

 

У 1935 годзе пабралася шлюбам са студэнтам-мэдыкам Янкам Геніюшам, які навучаўся ў Празе, і 1937 годзе, пасля нараджэння сына Юркі, выехала да мужа. Першыя свае вершы паэтка апублікавала ў бэрлінскай газэце беларускіх эмігрантаў «Раніца» ў 1939 годзе. А ў 1942 годзе пабачыў свет першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў», напоўнены настальгіяй і роздумамі пра лёс пакінутай ёю Радзімы.

 

У сакавіку 1943 году, паводле тэстаманту прэзідэнта БНР Васіля Захаркі, Ларыса Геніюш прызначаецца Генэральным сакратаром Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Захоўвае і парадкуе архіў БНР, апякуецца беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіву яна пераправіла ў недасягальнае для ворганаў НКУС і МДБ месца. Пазней савецкія карныя ворганы будуць катаваць паэтку, каб атрымаць звесткі пра гэты архіў.

 

5 сакавіка 1948 года, з’яўляючыся грамадзянкай Чэхаславаччыны, Ларыса Геніюш была арыштаваная, знаходзілася ў турмах Чэхаславаччыны, са жніўня — у савецкіх турмах Вены і Львова, а з кастрычніка 1948-га — у турме ў Менску. Тут Ларысу Геніюш дапытваў сам міністар дзяржбяспекі БССР Лаўрэнці Цанава. Паэтка мужна вытрымала катаванні і была асуджаная на 25 гадоў пазбаўлення волі як асоба без грамадзянства, да канца жыцьця застаючыся грамадзянкай БНР.

 

Пакаранне паэтка адбывала ў лагерах Інта і Абедзь (Комі АССР), а таксама ў Мардоўскай АССР.  Сярод вязняў Ларысу Антонаўну клікалі «Маці», яе вершы называлі «глюкозай», завучвалі іх напамяць, як малітвы. За кратамі Геніюш правяла 8 гадоў, у 1956 годзе была датэрмінова вызваленая, аднак не рэабілітаваная.

 

Пасля вызвалення пасялілася на радзіме мужа, у Зэльве (Гродненская вобласць), дзе фактычна знаходзілася пад хатнім арыштам. Улады пазбавілі паэтку спакойнай старасці, не дазваляючы паехаць да сына, які рос у Беластоку сіратою пры жывых бацьках. Усё астатняе жыццё Геніюшы пражылі з адзнакай у пашпарце «без грамадзянства», не прыняўшы савецкага падданства.

 

Яе дом, які наведвалі многiя патрыёты Беларусі, стаў на доўгія гады асяродкам нацыянальнага дысідэнцтва.

 

Доўгі час творчасьць паэткі была пад забаронай. Упершыню яе паслялагерныя вершы трапілі на старонкі беларускіх часопісаў у 1963 годзе. Толькі ў 1967 годзе, дзякуючы тагачаснаму Старшыні Вярхоўнага Савету БССР Максіму Танку, быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш «Невадам з Нёмана». Затым выйшлі паэтычныя кніжкі для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь!» (1976), зборнікі паэзіі «На чабары настоена» (1982), «Белы сон» (1990), і толькі ў 1993 пабачыў свет яе знакаміты збор успамінаў «Споведзь».

 

Памерла Ларыса Геніюш 7 красавіка 1983 года на праваслаўнае свята Дабравесця. Пахавалі яе поруч з мужам, на ўзвышшы.

 

Да гэтага часу нацыянальная пакутніца не рэабілітаваная дзяржавай. Хаця талент паэткі не патрабуе нічыйго апраўдання — пачынаючы з часоў Сталіна, падобны стан рэчаў не робіць гонару ані Айчыне, ані суайчыннікам Ларысы Геніюш.

 

У 1999 годзе Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў Пракуратуру Беларусі з хадайніцтвам аб адмене несправядлівага прысуду ў дачыненні да Ларысы і Янкі Геніюшаў. Пракуратура пераадрасавала зварот у Вярхоўны суд, адкуль прыйшла адмова, быццам бы паэтка «абгрунтавана не падлягае рэабілітацыі».

 

Паўторны зварот ў 2007 годзе грамадскага аргкамітэта па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў адносна рэабілітацыі паэткі  таксама атрымаў адмову. Але прычыны адмовы засталіся невядомыя, бо, паводле ліста зь Вярхоўнага суда, «яны могуць быць паведамленыя толькі самой рэпрэсаванай». Сёлета, у Год Памяці беларуская грамадскасць ізноў заклікае ўлады да рэабілітацыі славутай суайчынніцы.

Навіны па тэме