Спеўных птушак Боскі гук

23.03.2010, 10:20  |  Галоўныя навіны, Навіны

У беларускай прэсе было ўжо нямала публікацыяў пра CD-серыю «Беларускі хрысціянскі хіт», а вось выходзіць і пятая кружэлка названага цыкла. Упершыню тут вызначаны фармат жанравай акрэсленасці, які пададзены і ў назве, – «Бардаўскі хрысціянскі гіт». Як зазвычай, апрыёрную прывабнасць забяспечваюць тут вядомыя ўсім творы класікаў жанру («І за расу…» Алеся Камоцкага, «Малітва» Эдуарда Акуліна, «Абба Ойча» Вальжыны Цярэшчанкі, «Божа, забяры маё жыццё» Касі Камоцкай, а Андрэй Мельнікаў прадстаўлены двума творамі – «Бог даў» і «Калі застаецца надзея»).

 

Да бардаўскіх класікаў можна далучыць і вядомага рок-музыку Андрэя Плясанава, які выступае то з сваім рок-бэндам «P.L.A.N.», то ў камерным акампанеменце акустычнай гітары з губным гармонікам. Вось і тут песня «Люстэрка лёсу» паходзіць з альбомаў акустычнага цыклу «Piosenki samotnego licwina», а дэбютныя «Шукальнікі сэнсу» – у моцна перапрацаванай камернай версіі. Прычым, істотныя змены адмыслова для гэтай складанкі зазнаў і тэкст.

 

Не меншую прывабнасць на дыску мае і імя неаднаразовай пераможцы прэстыжных міжнародных бардаўскіх фестываляў Таццяны Беланогай, якая выконвае тут не толькі вядомую песню «Мара» з свайго альбома «Дзьвюхкроп’е», выдадзенага ў Польшчы, але і нідзе не раскручаны дагэтуль канцэртны хіт «Дзеці неба».

 

Гарадзенская спявачка Інэса Леаданская таксама прадставіла два творы з выдадзенага ў 2004 годзе паўнафарматнага альбома «Любіце адзін аднаго» («Не адракайся веры» на вершы Казіміра Сваяка і «Той дзень прапаў» паводле Пімена Панчанкі). Чароўны голас і высокая паэзія стварылі ў гэтым выпадку надзвычай пераканаўчы вобраз.

 

Дарэчы, надзвычайную прывабнасць маюць тут і менш вядомыя майстры акустычнай гітары і спеву, за плячыма якіх таксама сур’ёзныя аўтарскія рэлізы. Напрыклад, Радмір Веліч выдаў у 2008 годзе паўнафарматны альбом «Таемная малітва», запісаны ў садружнасці з вядомым гітарыстам Уладзімірам Ткачэнкам. Адтуль і паходзіць песня «Мая думка» на вершы Янкі Купалы. І калі адметная манера Уладзіміра Ткачэнкі запала ў

душу многім пасля розных супольных праектаў гітарыста, дык цяпер і гучны псеўданім Радмір Веліч давядзе сваім нестандартным вакальна-меладычным талентам у высокатыражным праекце «Бардаўскі хрысціянскі хіт» вартаснасць творчага сімбіёзу Веліч/Ткачэнка.

 

Фанаграфічны даробак Алесі Унукоўскай пакуль не надта велічэзны, але і ейнае імя добра вядомае ўдзельнікам хрысціянскіх пілігрымак. Дый на ўсіх чатырох папярэдніх кружэлках CD-серыі «Беларускі хрысціянскі хіт» ёсць пара-тройка ейных простых, эмацыйных песень. Вось і тут яна, як сапраўдны бард, асэнсоўвае хрысціянскую мараль асабістымі вербальнымі і меладычнымі адкрыццямі ў аўтарскай песні «Сейбіт».

 

На ўзор яе працягвае творчы шлях і іншае адкрыццё папярэдніх выпускаў серыі – надзвычай спеўны вілейскі бард Алесь Наркевіч («Пабачыш, зерне прарасце»).

 

Дзіўна, але нават навічкі праекта не з’яўляюцца белымі плямамі ў свядомасці беларускіх меламанаў. Напрыклад, нямала пісала раней (перад сваім скананнем) мінская «Музыкальная газета» пра пачатковыя артыстычныя рэлізы Андрэя Бананава. І хоць былі і кпіны, і цёплыя парады, але першы насамрэч сур’ёзны, высокатыражны дэбют у гэтай складанцы з песняй «Вочы» не стварае прыкрых уражанняў. Дый, бадай, выбар паэзіі Рыгора Барадуліна быў слушным, каб умацаваць свой спеўны досвед:

 

А з прышласці ў прошласць праз нас, праз вякі,

Глядзяць недасяжныя вочы Хрыстовы,

Нібыта пытаючы доследна: «Хто вы?

Ці людзі мае, сваякі, ці ваўкі?».

 

Твор мае ўсяго паўтары хвіліны працягласці, але застаецца адным з эмацыйных кантрапунктаў кружэлкі. Вось вам і дэбютант!

 

А творы Марыі Скуратовіч раней хадзілі па руках на касетах, якая нават

трапіла ў агляды кнігі «222 альбомы беларускага року і не толькі», а вось цяпер трэк адтуль «Хай міласць будзе» дасягнуў увагі масавага слухача на сучасных прамысловых носьбітах – CD.

 

Ёсць у праграме рэліза і суцэльныя адкрыцці. Такія, напрыклад, як Ніяна Загарэўская («Промень ясны»), Маргарыта Тарасава («Адказ перад Богам», «Як цудоўна»), Марыя Новікава («Не буду баяцца», «Мой Бог»), Уладзімір Еўтух («Сімане Іёнін»). Апошні трэк незвычайны нават паходжаннем сваім, бо гэта ўласная інтэрпрэтацыя бардам песні

іераманаха Рамана, што падвышае глыбіню ўздзеяння твора.

 

Нягледзячы на пэўныя стылістычныя ўмоўнасці, альбом «Беларускі хрысціянскі хіт’5» захаваў еднасць эмацыйнага ўздзеяння найбольш (з аналагічных рэлізаў). Але ўзнікае пытанне: як жа выдаўцы пераадолелі тут уласныя фарматныя абмежаванні, калі кожны альбом цыкла пачынаўся рознымі версіямі класічнага гімна «Магутны Божа», а завяршаўся – рознымі варыянтамі кананічнай малітвы «Ойча наш»?

 

Аказваецца, ніякіх саступак: «Магутны Божа» Міколы Равенскага і Наталлі Арсенневай гучыць тут магутнымі галасамі Лявона Вольскага, Веранікі Кругловай і Змітра Вайцюшкевіча пад акампанемент акустычнай гітары Піта Паўлава (натуральна, з вядомага ўсім праекта «Я нарадзіўся тут»), а «Ойча наш» у сваёй выдатнай паэтычнай інтэрпрэтацыі чытае сам Рыгор Барадулін, творы якога скарыстоўвалі ў гэтым праекце і Алесь Камоцкі, і Андрэй Бананаў. Так што атрымаўся класічны ўзор творчасці спеўных паэтаў, якіх старажытныя кельты і называлі бардамі.

 

Вітаўт МАРТЫНЕНКА, музычны крытык, “Краязнаўчая газета”

Навіны па тэме