ЖУРНАЛІСТЫ БУДУЦЬ АТРЫМЛІВАЦЬ ПРЭМІЮ ВЕРАНІКІ ЧАРКАСАВАЙ

20.10.2009, 09:29  |  Навіны, Грамадства

Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла заснаваць прэмію імя Веранікі Чаркасавай. Прэмію атрымаюць пераможцы конкурсу, умовы якога зацьвердзіць Рада БАЖ.

 

Такое рашэньне прынялі сябры БАЖ падчас вечарыны, прысьвечанай памяці забітай журналісткі. Вераніку Чаркасаву забілі 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры.

 

На вечарыне, прысьвечанай памяці журналісткі Веранікі Чаркасавай, былі абмеркаваныя пытаньні ў справе правядзеньня конкурсу. Прэмію Веранікі Чаркасавай атрымаюць пераможцы конкурсу за найлепшае эсэ.

 

Рэдактар сайту БАЖ Вольга Бабак: “Спачатку была ідэя назвы “За чалавечнасьць і прафэсіяналізм”, але потым вырашылі гэта ў расшыфроўцы даць, каб не адцягваць увагі ад назвы конкурсу, усё ж, пакінуўшы конкурсам імя Веранікі Чаркасавай.

 

Была таксама дыскусія абмяжоўваць узрост удзельнікаў конкурсу, ці не. Пакуль пагадзіліся, што ня варта абмяжоўваць, бо той жанр, у якім будзе праводзіцца гэты конкурс, а гэта эсэ, нарысы – даволі дарослы жанр, каб узьняць прэстыж гэтага конкурсу, тым больш, што прысутныя выказалі жаданьне паўдзельнічаць у конкурсе”.

 

20 кастрычніка на пятую гадавіну забойства Веранікі Чаркасавай яе сваякі і калегі наведаюць Каладзішчанскія могілкі, дзе пахаваная журналістка.

 

Крымінальную справу паводле забойства Чаркасавай расьсьледавала Менская гарадзкая пракуратура. Было апытана некалькі дзясяткаў чалавек. Сьледчыя падазравалі ў забойстве журналісткі яе 15-гадовага сына і айчыма. У красавіку 2005 году зь іх зьнялі падазрэньні.

 

Забойцаў журналісткі дагэтуль не знайшлі.

Навіны па тэме