У ПАСЕ правялі тэрміновыя дэбаты па Беларусі

29.04.2010, 18:25  |  Навіны, Палітыка

Сёння ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы прайшлі тэрміновыя дэбаты па сітуацыі ў Беларусі. У праекце рэзалюцыі прапануецца прыпыніць кантакты на высокім узроўні з афіцыйным Менскам, але працягваць дыялог з уладамі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

 

Праект рэзалюцыі прадставіла дакладчыца камітэту па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Сыніка Хурскайнэн. Яна адзначыла, што самай важнай прычынай для тэрміновых дэбатаў па Беларусі сталі два смяротныя прысуды, выкананыя ў сакавіку гэтага году «ва ўмовах татальнай сакрэтнасці». Таксама яна згадала іншыя «нядобрыя падзеі» — ціск на незалежныя мэдыі, грамадзянскую супольнасць і апазіцыйныя структуры, пераслед сяброў Саюзу палякаў.

 

«Беларускія ўлады часта кажуць, што яны хочуць весьці прагматычны дыялог з Еўропай. Але ня можа быць ніякага прагматызму ў пытанні правоў чалавека. Нягледзячы на вартыя расчаравання падзеі, я працягваю спадзявацца на дыялог і супрацоўніцтва. Савет Еўропы не павінна вяртацца да палітыкі ізаляцыі. Але ня можа быць прагрэсу ў дыялогу без прагрэсу ў кірунку да стандартаў Савета Еўропы».

 

Спадарыня Хурскайнэн прапанавала ў якасці санкцыяў прыпыніць кантакты на высокім узроўні з афіцыйным Менскам, але працягваць дыялог з уладамі і грамадзянскай супольнасцю. Яна адзначыла, што неабходны дакладны сігнал з самых вярхоў Беларусі, што беларускі ўрад хоча працаваць у пытанні смяротнага пакарання.

 

Прадстаўнік Расеі Сяргей Маркаў сказаў, што дыялог з Беларуьсю «вельмі цяжкі». Ён пагадзіўся са спадарыняй Хурскайнэн, што апошнім часам «мы бачым негатыўнае развіцьцё Беларусі». Аднак ён выказаўся супраць палітыкі ізаляцыі, якая «завяла ў тупік».

 

«У выніку мы чакаем Беларусь сябрам Савета Еўропы, але на гэтым шляху беларускія ўлады павінны яшчэ зрабіць вельмі цяжкі і вялікі шлях. Дэмакратыя — гэта галоўнае, чаго цяпер мы патрабуем ад уладаў Беларусі».

Навіны па тэме