ПАСЕ прыпыняе кантакты з Беларуссю на высокім узроўні

30.04.2010, 12:13  |  Навіны, Палітыка

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыпыняе кантакты з Беларуссю на высокім узроўні. Адпаведная рэзалюцыя прынята 29 красавіка большасцю галасоў на пасяджэнні ПАСЕ ў Страсбургу.

 

У галасаванні ўзялі ўдзел 67 дэпутатаў, 58 з іх прагаласавалі за прыняцце рэзалюцыі, шэсць — супраць, тры ўстрымаліся (усяго ў ПАСЕ 318 дэпутатаў).

 

У рэзалюцыі ўказваецца на "недастатковы прагрэс" Беларусі ў галіне адпаведнасці стандартам Савета Еўропы. У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца, што ў краіне "ў атмасферы сакрэтнасці" былі прыведзены ў выкананне два смяротныя прыгаворы, калі скаргі асуджаных разглядаў Камітэт ААН па правах чалавека. Адзначаюцца таксама выпадкі парушэння ў Беларусі правоў польскай нацыянальнай меншасці і адсутнасць міжнародных назіральнікаў на выбарах у мясцовыя саветы.

 

У дакуменце выказваецца шкадаванне ў сувязі з "недастатковай палітычнай воляй беларускіх уладаў раздзяліць каштоўнасці Савета Еўропы". Пры гэтым у рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік прадоўжыць дыялог з Беларуссю.

 

Нагадаем, у сакавіку былі расстраляны 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзэпчук. Першы быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе і забойстве супрацоўнікаў СВК "Бальшавік-Агра", якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства. Другога прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання за ўчыненне серыі забойстваў пажылых жанчын у Брэсцкай вобласці.

 

Аб тым, што прыгаворы прыведзены ў выкананне, стала вядома ад маці Жука. Толькі 2 красавіка міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў пацвердзіў факт прывядзення прыгавораў у выкананне.

 

Камітэт ААН па правах чалавека ў спецыяльнай заяве выказаў абурэнне ў сувязі з пакараннем смерцю двух чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе камітэта.

 

Дзеянні беларускіх уладаў асудзілі кіраўніцтва Савета Еўропы, "Міжнародная амністыя", айчынныя праваабаронцы.

 

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой дагэтуль прымяняецца смяротная кара. У чэрвені 2009 года Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў асамблеі пры ўмове ўвядзення ў краіне мараторыя на пакаранне смерцю. Да ўвядзення мараторыя таксама заклікае Еўрасаюз. Гэта адна з умоў адмены візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія ЕС працягнуў да кастрычніка 2010 года.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме