ЭЛЬЖБЕЦЕ РАДЗIВIЛ — 92

21.10.2009, 11:26  |  Навіны, Грамадства

Дачка апошняга ўладара Нясвіжскага замка распавяла сакрэт свайго нараджэння.

 

Калi бачыш панi Эльжбету Радзiвiл — здаецца, ажывае ўся 600-гадовая гiсторыя гэтага магутнага роду. Мiкалай Крыштаф Радзiвiл Сiротка, Барбара Радзiвiл, Рыбанька, Францiшка Уршуля, Пане Каханку — для нас гэта гiстарычныя персанажы. Такiя далёкiя i магутныя, што падаюцца нават мiфам. Для панi Эльжбеты гэта — сваякi, прабабкi i прадзеды. Гэтым летам князёўна Эльжбета Радзiвiл упершыню за апошнiя 16 гадоў прыехала ў Нясвiж. Папярэднi вiзiт адбыўся ў 1993 годзе намаганнямi прафесара Адама Мальдзiса. Сёлетнi прыезд Радзiвiлаў стаў знакавым — упершыню пасля 1939 года на нашай зямлi знаходзiлiся адначасова 10 прадстаўнiкоў сям'i. Хоць галавой сям'i заўжды выбiраецца мужчына, сёння менавiта гэтая 92-гадовая князёўна яднае Радзiвiлаў усяго свету, з'яўляецца сiмвалам. Іншыя Радзiвiлы выраслi ўжо ў гарадскiх кватэрах, а панi Эльжбета жыла ў Нясвiжскiм замку. Бэтка памятае прыёмы, на якiх бывалi прэзiдэнты, князi, нават прынц Манака...

 

Панi Эльжбета паведаміла сакрэт свайго нараджэння, бо ў розных крынiцах сустракаюцца розныя звесткi.

 

Я нарадзiлася 21 кастрычнiка 1917 года ў Лондане, — распавяла князёўна. — Аднак бацька, калi запiсваў мяне, памылiўся — i замест Х месяца напiсаў ХI. Так я ўсё жыццё i маю афiцыйны дзень народзiнаў 21 лiстапада!

 

У свае 92 гады панi Эльжбета захоўвае надзвычайную актыўнасць i аптымiзм. Падчас летняга вiзiту ўсе перажывалi, як яна вытрымае такую змястоўную праграму — паездкi, наведванне музеяў, сустрэчы. А свой стогадовы юбілей князёўна паабяцала адзначыць у Нясвіжскім замку.

Крыніца: "Звязда"

Навіны па тэме