Прэзентацыя кнігі Надзеі Дземідовіч (фота)

12 траўня ў Менску прэзентавала сваю новую кнігу адна з найстарэйшых удзельніц беларускага незалежніцкага руху Надзея Дземідовіч. Пад вокладкай томіка пад назовам «Мы марылі дома спаткацца» сабраныя вершы, складзеныя з балючых успамінаў аўтаркі пра звязененую савецкімі карнымі органамі маладосць і сяброў, што як сама яна, прайшлі праз пекла ГУЛАГаў.
Кніга «Мы марылі дома спаткацца» выдадзеная ў гэтым годзе ў Вінніцы (Украіна). Упершыню пад агульнай вокладкай тут сабраны драматычны досвед нескаронай і нязломнай жанчыны, пераказаны паэтычнай мовай. Гэта не першая кніга Надзеі Дземідовіч. Раней у Беларусі свет пабачылі яшчэ дзве кнігі Надзеі Дземідовіч: «Век так не будзе» і «Успаміны сэрца майго», дзе былі надрукаваныя ўспаміны з розных перыядаў жыцця. Асабліва ўражваюць яе згадкі пра сталінскія турмы і лагеры. Але новая паэтычная кніга аўтаркі — гэта своеасаблівая вершаваная споведзь мужнай беларускай жанчыны, гэта роздум аб Беларусі і яе людзях, аб мужнасці і змаганні. Як у свой час і славутая Ларыса Геніюш у сваёй “Споведзі”, Надзея Дземідовіч шчыра адкрыла сваю споведзь перад Богам, сучаснікамі і нашчадкамі, паэтычным словам распавяла пра час і пра сябе, пра блізкіх людзей і вялікіх беларусаў.
Надзея Раманаўна Дземідовіч нарадзілася ў 1927 на Слонімшчыне. З восені 1941 вучылася ў Слонімскай беларускай прагімназіі. Сяброўка СБМ. У снежні 1944 пад час масавых арыштаў сябраў СБМ у Слоніме перайшла на нелегальнае становішча. Арыштавана ў Казахстане ў 1949 годзе. У баранавіцкай турме яе жорстка катавалі. Была асуджана на 25 гадоў лагераў. Удзельніца Кенгірскага паўстання вязняў 16.05-26.06.1954 года. Вызвалілася з ГУЛАГу ў 1956 годзе.
Фота Радыё “Свабода”.