Сяргей Каваленка асуджаны на тры гады ўмоўна

14.05.2010, 12:18  |  Навіны, Палітыка

Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на тры гады ўмоўна. Такі прысуд вынес 14 мая суддзя Яўген Буруноў, паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец.

 

Сяргея Каваленку вінавацілі ў злосным хуліганстве, а таксама непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. 7 студзеня Каваленка вывесіў вялізны бел-чырвона-белы сцяг на цэнтральнай ялінцы Віцебска. Тады Каваленку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, але праз некалькі дзён выпусцілі.

 

Працэс над Каваленкам пачаўся 12 траўня. Актывіст неаднаразова заяўляў адвод суддзі і пракурору, але яны адхіляліся. Затое атрымалася дабіцца права на перакладчыка.

 

Пракурор патрабаваў пакараць Каваленку трыма гадамі «хіміі», але суддзя вынес больш мяккі прысуд.

 

Таксама Каваленка мусіць сплаціць маральную кампенсацыю міліцыянтам Іванову і Палітыку — па мільёну, а таксама Максімаву — 1,5 мільёны. Прадпрыемству "Гарсвятло" С.Каваленка, паводле рашэння суду, павінен выплаціць за пашкоджаную ілюмінацыю 1 мільён 222 тысячы рублёў і 62 тысячы рублёў "Зеленбуду", паведамляе Радыё “Свабода”.

 

Трэба адзначыць, што 14 мая спаўняецца 15 гадоў з дня правядзення рэферэндуму аб змяненні дзяржаўнай сімволікі.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме