Мільёны клана Бакіевых вернутыя Кыргызстану

18.05.2010, 12:43  |  Навіны, Свет

- У Кыргызстане следству ўдалося вярнуць у рэспубліканскі бюджэт частку банкаўскіх сродкаў, скрадзеных набліжанымі Курманбека Бакіева, - заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Бішкеку намеснік старшыні часовага ўрада Азімбек Бекназараў.

 

Паводле ягоных словаў, у ячэйках многіх банкаў захоўваліся незаконныя сродкі сям'і і набліжаных звергнутага прэзідэнта, паведамляюць СМІ Кыргызстана.

 

- Так, удалося знайсці і перадаць у рэспубліканскі бюджэт з АУБ 880 млн. сомаў, з “Кыргызінвестбанка” - 100 млн. сомаў, з “Ісык-Кульінвестбанка” - 70 млн. сомаў, з “Бакай банка” - 80 млн. сомаў. Агулам 1 мільярд 130 мільёнаў сомаў. Акрамя таго, выяўленыя і сродкі ў далярах, у прыватнасці $35 мільёнаў.

 

Між тым, 18 траўня генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што ў генпракуратуру ніяк не могуць дайсці афіцыйныя дакументы па справе звергнутага прэзідэнта Кыргызстана.

 

Нагадаем, Курманбека Бакіева даставілі ў Беларусь 19 красавіка. 4 траўня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не збіраецца выдаваць экс-прэзідэнта новым уладам рэспублікі. Часовы ўрад Кыргызстана кажа, што будзе дабівацца экстрадыцыі Бакіева на радзіму.

Крыніца: "МЫ"

Навіны па тэме