Налёт на кампанію “Гавары праўду!”

18.05.2010, 15:13  |  Навіны, Палітыка

Офісы грамадзянскай кампаніі і кватэры актывістаў трасуць па ўсёй краіне.

 

У менскім офісе грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" супрацоўнікі міліцыі праводзяць ператрус.

 

Каля кватэры знаходзіцца група журналістаў, унутр нікога не пускаюць. Тэлефоны актывістаў кампаніі і яе кіраўніка паэта Уладзіміра Някляева адключаныя. Па ўсім, ён знаходзіцца у офісе, паведамляюць незалежныя СМІ.

 

Стала вядома, што затрыманы і звезены ў невядомым накірунку Сяргей Вазняк, супрацоўнік інфармацыйнага сектара кампаніі, рэдактар газеты “Таварыш”.

 

Міліцыянты, што выходзяць калі-некалі з мінскага офісу, адказваюць толькі, што ў кватэры – следчы эксперымент.

 

І такія “эксперыменты” зараз праходзяць па ўсёй краіне. Ідуць паведамленні ад актывістаў Менска, Гомеля, Брэста, Гародні, Магілёва, Бабруйска пра ператрусы ў іх кватэрах.

 

Нагадаем, кампанія "Гавары праўду!" стартавала ў лютым гэтага года. Яе падтрымалі вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы, у тым ліку пісьменнікі Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і іншыя.

 

- Мэта кампаніі — абудзіць беларускае грамадства, якое жыве ва ўмовах падману і нібы не заўважае яго. На год наперад мы прадумалі тры дзесяткі агульнабеларускіх акцый, звязаных у першую чаргу з фактамі гэтага падману, — заявіў журналістам падчас прэзентацыі лідэр грамадскай ініцыятывы Уладзімір Някляеў.

 

Кампанія даволі часта выпускае інфармацыйныя бюлетэні, праводзіла маніторынг выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, распаўсюджвала паштоўкі, якія прапаноўвалася накіроўваць са скаргамі ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Навіны па тэме