Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання

19.05.2010, 01:04  |  Навіны, Палітыка

Такой скаардынаванай акцыі спецслужбаў супраць незалежнага грамадства даўно не было.

 

Адразу па абедзе прыйшла вестка пра ператрус на цэнтральным офісе кампаніі ў Мінску. Пасля падобныя весткі прыйшлі з Брэста, Гомеля, Гродна, Барысава, Ваўкавыска і іншых гарадоў. У сілавікоў адназначна была падрабязная інфармацыя пра ўсе штабы кампаніі, а таксама пра яе актывістаў.

 

Найбольш вядомых каардынатараў «Гавары праўду» пасля затрыманняў на офісе везлі дадому, каб ужо там правесці дадатковы ператрус. Так было з рэдактарам газеты «Товарищ» Сяргеем Вазняком, з міжнародным сакратаром Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэем Дзмітрыевым, журналістам Аляксандрам Уліцёнкам, палітолагам Святланай Навумавай.

 

Да эксперта кампаніі, публіцыста Аляксандра Фядуты міліцыя таксама прыйшла дадому. Шукалі «рэчы, здабытыя злачынным шляхам». «Нічога, апроч мяне і дзесяці тысяч кніг у кватэры яны не знайшлі», — кажа Фядута.

 

Потым затрыманых адвозілі ў Ленінскі РУУС, дзе з імі праводзіліся невялікія допыты. Казалі, што заведзеная крымінальная справа па артыкуле 250 КК (распаўсюджванне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі).

 

Прадпрымальнік Віктар Гарбачоў з Барысава сказаў нам, што цікавіліся ўсім, што датычыць кампаніі «Гавары праўду», іх друкаванай прадукцыяй.

 

Ператрус з пагромам таксама прайшоў на офісе сацыялагічнай лабараторыі «Новак», якую ўзначальвае прафесар Андрэй Вардамацкі. Там адбыўся невялікі канфлікт паміж супрацоўнікам лабараторыі і міліцыянерам.

 

Сярод іншага, канфіскаваны «Чарнобыльскі звон», які традыцыйна нясуць на вулічнай акцыі 26 красавіка. Скульптар Алесь Шатэрнік неасцярожна пакінуў яго ў пісьменніка Міхася Башуры, які таксама трапіў пад каток.

 

На масавыя вобшукі й затрыманні можна чакаць афіцыйнай рэакцыі з боку Брусэля і асобных краін ЕС.

 

А Расія? Па яе рэакцыі ці яе адсутнасці можна будзе меркаваць, якую пазіцыю Крэмль збіраецца заняць падчас прэзідэнцкіх выбараў.

 

Што з затрыманымі? Галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк будзе змешчаны на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання.

 

Журналіст праходзіць як падазраваны па крымінальнай справе па артыкуле 250 КК (распаўсюджванне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі). Мерай стрымання для Вазняка абранае змяшчэнне ў ІЧУ.

 

Праз нейкі час тая самая працэдура паўтарылася з міжнародным сакратаром АГП Андрэем Дзмітрыевым. Ён таксама змешчаны ў ізалятар.

 

Лідэра кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева прывезлі ў Ленінскае РУУС праз 10 гадзін пасля пачатку ператрусу.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме