ЗША: законапраект па спрыянні свабоднай прэсе

19.05.2010, 13:48  |  Навіны, Свет

Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў у панядзелак законапраект, скіраваны на спрыянне свабоднай прэсе ва ўсім свеце. Падпісанне законапраекту інспіраванае забойствам у Пакістане Дэніела Пэрла, рэпарцёра Wall Street Journal, неўзабаве пасля тэрактаў 11 верасня 2001.

 

Дадзены законапраект патрабуе ад Дзяржаўнага дэпартамента пашырыць праверку фактаў запалохвання і абмежавання свабоды сродкаў масавай інфармацыі ў межах свайго штогадовага агляду стану правоў чалавека ў кожнай краіне.

 

Абама падпісаў законапраект у прысутнасці сям’і Дэніэла Пэрла — яго ўдавы Мэрыян і сына, які ніколі не бачыў бацьку і які нарадзіўся праз некалькі месяцаў пасля яго смерці.

 

Дэніэл Пэрл, сталы карэспандэнт Wall Street Journal, рабіў рэпартаж пра тэрарыстычныя групоўкі ў Пакістане, калі быў выкрадзены і абезгалоўлены ў пачатку 2002 году. У Пакістане ў гэтым былі прызнаныя вінаватымі чацвёра мужчын, а Халід Шэйх Махамед, самаабвешчаны лідэр «9/11», расказаў амерыканскім следчым у 2007 годзе, што ён забіў Дэніэла Пэрла.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме