Выпусцілі затрыманых актывістаў кампаніі "Гавары праўду!"

21.05.2010, 13:49  |  Навіны, Палітыка

Сёння, 21 траўня, з ізалятара на Акрэсціна выпусцілі актывістаў грамадскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Вазняка і Андрэя Дзмітрыева, а таксама лідэра кампаніі Уладзіміра Някляева. Усе яны былі затрыманыя ў аўторак, 18 траўня пасля ператрусу ў менскім офісе «Гавары праўду».

 

Усіх іх вывезлі машынамі з Акрэсціна, дзе таксама сабраліся калегі і журналісты.

 

Сяргея Вазняка (галоўны рэдактар газеты «Товарищ») давезлі да Чэрвенскага рынка і высадзілі. Ён на таксі даехаў да Ленінскага РУУСа. Уладзімра Някляева высадзілі ў цэнтры горада. Ён таксама дабраўся на таксі да Ленінскага РУУСа.

 

Каля будынка Ленінскага РУУС сабраліся каля 30 чалавек: амаль усё кіраўніцітва партыі «Справядлівы свет» (Сяргей Калякін, Валеры Ухналёў ды інш.) — яны сустракаюць Сяргея Вазняка, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сацыёлаг Андрэй Ваардамацкі, палітолаг і выдавец Аляксандр Фядута, пісьменнікі Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк, філосаф Валянцін Акудовіч, грамадскі дзеяч Аляксандр Бухвостаў.

 

Сяргей Вазняк паведаміў, што іх абвінавачвалі за спробу друку ўлётак «Гавары праўду» ў адной з менскіх друкарняў. Улёткі, праўда, не былі надрукаваныя.

 

Журналіст таксама паскардзіўся на кепскае стаўленне канваіраў — яго перавозілі выключна ў кайданках і змясцілі ў камеру з крымінальнікамі, што «мелі па тры-чатыры ходкі».

 

Праўда, стаўленне сукамернікаў і адміністрацыі ізалятара было да яго станоўчае.

 

«Найбольшая пакута — слухаць з раніцы да вечара беларускае радыё», - сказаў Сяргей Вазняк.

 

Уладзімір Някляеў сказаў журналістам:

 

«Я думаў, што выйду праз тры гады, а выйшаў праз тры дні».

 

Сп. Някляеў зазначыў, што ўсе яны па-ранейшаму знаходзяцца падазраванымі па справе паводе арт. 250, але падпіску аб нявыездзе з іх не бралі.

 

Пісьменнік моцна дзякаваў сваёй жонцы Вользе. «Праз ейныя катлеты я меў вялікі аўтарытэт у камеры», - сказаў ён.

 

Някляеў заўважыў, што затрыманне не адбіла ахвоты і найдалей займацца грамадскай дзейнасцю.

 

«Мы ведалі, што рана ці позна супраць нас будуць ужытыя рэпрэсіі, але не думалі, што так хутка».

 

Пісьменнік і грамадскі дзеяч зазначыў, што патрэбны час, каб аднавіць дзейнасць менскага офіса і рэгіянальных структур.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме