Расея прыдумала новую мадэль для Саюзнай дзяржавы

26.05.2010, 11:07  |  Навіны, Палітыка

Вядомы палітолаг і дэпутат Расейскай Дзярждумы Сяргей Маркаў прапануе аб’яднацца Беларусі і Расеі па схеме Кітая і Ганконга.

 

Праект Саюзнай дзяржавы не вычарпаў сябе, ён мае перспектывы, і нам неабходна працаваць над прыняццем Канстытуцыі і фарміраваннем адзінай валюты, заявіў 26 траўня дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ, палітолаг Сяргей Маркаў.

 

На думку палітолага, перашкодамі на шляху будаўніцтва СД з'явіліся "асабістыя канфлікты паміж кіраўніцтвам: прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам".

 

- Па-другое, высветлілася, што сам Лукашэнка, які некаторы час таму імкнуўся да інтэграцыі, стаў тармазіць працэс аб'яднання, патрабаваць занадта вялікіх саступак ад Расеі. Гэта і паслужыла адной з прычын напружаных адносінаў паміж кіраўніцтвам нашых краін, - цытуе Маркава прэсс-служба “Адзінай Расеі”.

 

Праект па стварэнні Саюзнай дзяржавы выявіў шэраг ключавых праблем. Першая - неабходнасць пагадзіцца з мадэллю "адна краіна - дзве сацыяльна-эканамічныя сістэмы". Згодна з гэтай мадэллю ў свой час аб'ядноўваліся Кітай і Ганконг. Другая праблема - гэта неабходнасць пераходу да адзінай валюты. Трэцяя - неабходнасць спынення антыкрамлёўскай прапаганды па беларускім тэлебачанні.

 

На думку Маркава, некалькі гадоў гэтай прапаганды прывялі да таго, што колькасць беларускіх грамадзян, якія жадаюць аб'ядноўвацца з Расеяй, паменшылася.

 

- У той жа час Лукашэнка дапускае памылку, арганізоўваючы падобную прапаганду, таму што яна стварае глебу для яго празаходняй апазіцыі, якая даўно ўжо падрыхтавала для яго месца ў камеры Мілошавіча. Лукашэнку трэба быць менш падазроным у адносінах да Расеі. А нашаму кіраўніцтву варта адставіць у бок суб'ектыўныя, культурна-псіхалагічныя аспекты і больш надаваць увагу аб'ектыўных палітыка-эканамічным.

Крыніца: "МЫ"

Навіны па тэме