Amnesty International: у Беларусі парушаюцца правы чалавека

27.05.2010, 11:14  |  Навіны, Палітыка

Міжнародная арганізацыя Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу аб парушэннях правоў чалавека ў свеце.

 

У справаздачы аналізуецца становішча ў 159 краінах. Паводле Amnesty International, грамадзянскія правы і свабоды скарачаліся ў некаторых краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі, і былі заўважаныя абмежаванні свабоды выказванняў у Расеі, Турэччыне, Туркменістане, Азербайджане, Беларусі і Узбекістане

 

Беларусі ў справаздачы прысвечаны асобны раздзел.

 

На пачатку справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі “улады працягвалі выносіць смяротныя прысуды. Забараняліся грамадскія і культурныя мерапрыемствы, удзельнікі мірных дэманстрацый затрымліваліся, падвяргаліся жорсткаму абыходжанню ў міліцэйскіх пастарунках. Правы на свабоду асацыяцый і сходаў былі абмежаваныя. Неадэкватныя спосабы прымяняліся ў барацьбе з гвалтам супраць жанчын. Працягваецца кантроль над сродкамі масавай інфармацыі”.

 

Смяротнае пакаранне

 

У справаздачы адзначаецца, што 29 чэрвеня палата прадстаўнікоў стварыла рабочую групу для распрацоўкі прапановаў аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Аднак у Беларусі працягвалі выносіцца смяротныя прысуды. Два чалавекі былі асуджаныя на смерць на працягу году.

 

Свабода сходаў

 

Amnesty International звяртае ўвагу, што ўлады па-ранейшаму парушаюць права на свабоду сходаў, не дапускаючы дэманстрацый ў адпаведнасці з вельмі жорсткім законам. Для разгону акцыяў прымянялася празмерная сіла.

 

Вязні сумлення

 

Свабода некаторых асоб за ўдзел у акцыі пратэсту ў студзені 2008 г. па-ранейшаму абмежаваная. Умовы абмежавання свабоды нагэтулькі сур’ёзныя, што могуць з’яўляцца хатнім арыштам.

 

Абаронцы правоў чалавека

 

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў сваёй дзейнасці сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі з боку ўлады.

 

Гвалт у адносінах да жанчын

 

21 студзеня набыў моц новы закон, які ўводзіць адказнасць за гвалт у сям’і. Тым не менш, адвакацкія рэсурсы для барацьбы з гвалтам у адносінах жанчын адсутнічаюць. Толькі ў канцы году была аказаная дапамога двум ахвярам сямейнага гвалту – з дзяржаўных і няўрадавых фондаў.

Навіны па тэме