"Малады фронт" прапанаваў сваю працэдуру

31.05.2010, 14:38  |  Навіны, Палітыка

Грамадскае аб'яднанне "Малады фронт" прапанавала сваю працэдуру вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл Беларусі. Адпаведная рэзалюцыя прынята 30 мая ў Мінску дэлегатамі сёмага ўстаноўчага з'езда МФ.

 

Паводле працэдуры, кожны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі павінен прад'явіць спіс сваёй ініцыятыўнай групы колькасцю не менш як паўтары тысячы чалавек. "Наяўнасць у палітыка вялікай колькасці арганізаваных прыхільнікаў сведчыць пра яго лідэрскія якасці і электаральны патэнцыял", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

 

На другім этапе выбараў адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі яго кандыдатуру павінны ацаніць эксперты, лічаць у МФ. Паводле меркавання дэлегатаў з'езда, у якасці экспертаў павінны выступіць людзі, якія маюць вопыт удзелу ў вулічных акцыях пратэсту, бо "вынікі выбарчай кампаніі будуць вырашацца толькі шляхам вулічных пратэстаў". У групу экспертаў МФ прапануе ўключыць усіх грамадзян, якія ў перыяд пасля 1995 года арганізоўвалі дэманстрацыі ў абарону дэмакратыі і незалежнасці Беларусі, або маюць за ўдзел у гэтых акцыях адміністрацыйныя або крымінальныя спагнанні.

 

"Мы лічым, што найбольшае маральнае права абіраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл маюць менавіта тыя грамадзяне краіны, якія свядома ахвяравалі сваёй свабодай дзеля свабоды Беларусі", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

 

Прадстаўнікі МФ перакананыя, што адзіным кандыдатам ад апазіцыі павінен быць абраны "харызматычны і рашучы палітычны лідэр, які зможа заваяваць сімпатыі мільёнаў людзей і вывесці на вуліцу тысячы прыхільнікаў перамен і кіраваць іх пратэстам для дасягнення перамогі".

 

Паводле слоў лідэра МФ Змітра Дашкевіча, такая працэдура вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсіл будзе вынесена на разгляд круглага стала па вылучэнні адзінага кандыдата, створанага Радай беларускай інтэлігенцыі.

 

У сённяшнім устаноўчым з'ездзе ўдзельнічаў 71 дэлегат.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме