ЗША працягнулі санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў

09.06.2010, 12:05  |  Навіны, Палітыка

Прэзідэнт ЗША Барак Абама працягнуў на год санкцыі ў дачыненні да шэрагу службовых асоб Беларусі, паведамляе прэс-служба Белага дома.

 

"Нягледзячы на вызваленне беларускіх палітычных зняволеных восенню 2008 года і высілкі ЗША, накіраваныя на садзеянне правядзенню ў Беларусі далейшых рэформаў па дэмакратызацыі, захаванню правоў чалавека і вяршэнства закона, сур'ёзныя праблемы застаюцца", — зазначаецца ў дакуменце.

 

"Дзеянні і палітыка шэрагу членаў урада Беларусі і іншых дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць уяўляць экстраардынарную пагрозу нацыянальнай бяспецы і замежнай палітыцы ЗША. З чаго вынікае, што санкцыі ў дачыненні да беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, якія былі прынятыя 16 чэрвеня 2006 года, павінны працягваць дзеянне і пасля 16 чэрвеня 2010 года", — цытуе дакумент прэс-служба Белага дома.

 

У чэрвені 2006 года прэзідэнт ЗША Джордж Буш падпісаў указ аб фінансавых санкцыях у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ да дзевяці беларускіх службовых асобаў, "адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў і інстытутаў, парушэнне правоў чалавека, дзяржаўную карупцыю". Указ блакіруе ўласнасць і права беларускіх чыноўнікаў на ўласнасць у ЗША, рахункі і магчымасць фінансавых аперацый. Амерыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць здзелкі з указанымі службовымі асобамі.

 

У спіс, які прыкладаецца да ўказа, акрамя Аляксандра Лукашэнкі ўвайшлі яго сын Віктар Лукашэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, экс-старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, экс-камандзір САХР Дзмітрый Паўлічэнка, былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

 

Акрамя таго, у сакавіку 2006 года, пасля выбараў прэзідэнта Беларусі, ЗША далучыліся да спісу неўязных Еўрасаюза і ўвялі забарону на ўезд на сваю тэрыторыю 30 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку прэзідэнта Лукашэнкі.

 

На думку МЗС Беларусі санкцыі “надуманыя і сведчаць пра адсутнасць у Вашынгтона палітычнай волі да развіцця дыялогу з Менскам”. Так пракаментаваў прэс-сакратар міністэрства Андрэй Савіных рашэнне Белага дома.

 

Пасля працяглага перыяду існавання санкцый "для ўсіх відавочна іх надуманасць і адарванасць ад рэальнага жыцця", — лічыць Савіных. "Працяг гэтых некарысных, але канфрантацыйных па сваёй сутнасці інструментаў сведчыць пра адсутнасць у ЗША палітычнай гатоўнасці і волі да развіцця ўзаемадзеяння з Беларуссю ў інтарэсах міру і супрацоўніцтва", — заявіў прэс-сакратар МЗС.

 

Ён падкрэсліў, што адмена усіх відаў санкцый з'яўляецца прынцыповай умовай для пачатку дыялогу Беларусі і ЗША. Савіных выказаў перакананасць у тым, што канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж ЗША і Беларуссю будзе карыснае не толькі для дзвюх краін, але і для рэгіёну і сусветнай супольнасці ў цэлым.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме