Лукашэнка паехаў у Расею

11.06.2010, 10:12  |  Навіны, Палітыка

Як паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, на 11 чэрвеня запланаваныя сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым і старшынёй урада Уладзімірам Пуціным, а таксама наведванне Усерасійскага навукова-даследчага інстытута электрамеханікі. Парадак дня перамоў таксама ўключае "шэраг актуальных пытанняў двухбаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва".

 

7 чэрвеня Лукашэнка і Мядзведзеў гутарылі па тэлефоне і вызначылі прыкладны пералік пытанняў, якія плануецца абмеркаваць падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні. Бакі дамовіліся "даручыць віцэ-прэм`ерам урадаў, якія курыруюць пытанні Мытнага саюза, падрыхтаваць да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў розныя кампрамісныя варыянты вырашэння праблем, якія стрымліваюць эфектыўнае функцыянаванне гэтага саюза і стварэнне АЭП".

 

"Лідэры Беларусі і Расіі адзіныя ў думцы, што гэтая сустрэча павінна быць максімальна канкрэтнай і выніковай. Яна заклікана стаць важным імпульсам у развіцці інтэграцыйных пытанняў з удзелам нашых краін", — зазначалася ў паведамленні прэс-службы беларускага прэзідэнта.

 

У сваю чаргу прэс-служба Крамля паведаміла, што размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку. Падчас размовы "была пацверджана дамоўленасць прадоўжыць абмеркаванне пытанняў фарміравання Мытнага саюза ў святле рашэнняў, прынятых Расіяй і Казахстанам падчас пасяджэння вышэйшага органа МС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў у Санкт-Пецярбургу 21 мая гэтага года".

 

21 траўня ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікі ўрадаў Расіі, Беларусі і Казахстана падчас шматгадзінных перамоў не змаглі ўрэгуляваць спрэчкі аб уступленні ў сілу Мытнага кодэкса 1 ліпеня гэтага года. Уладзімір Пуцін зазначыў тады, што рознагалоссі тычыліся аўтамабільнай і авіяцыйнай прамысловасці, мытных пошлін, увозу тавараў фізічнымі асобамі для ўласных патрэб.

 

28 траўня ў Санкт-Пецярбургу прэм`ер-міністры Расіі і Казахстана дамовіліся аб увядзенні Мытнага кодэкса Мытнага саюза на двухбаковай аснове. Дакумент адкрыты для падпісання Беларуссю. Кіраўнік беларускага ўрада на перамовы не прыбыў. Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія і Казахстан будуць уступаць у СГА ўдваіх, калі Мінск не далучыцца да дагавораў Мытнага саюза.

 

1 чэрвеня на сустрэчы з першым віцэ-прэм`ерам Расеі Ігарам Шувалавым у Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "Беларусь можа пайсці на кампрамісныя рашэнні ў Мытным саюзе пры ўмове раўнапраўных і паважлівых адносінаў з боку іншых удзельнікаў".

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме