У падмаскоўных Горках адбылася “шчырая размова” паміж Лукашэнкам і Мядзведзевым

12.06.2010, 11:11  |  Навіны, Палітыка

На сустрэчы ў падмаскоўнай рэзідэнцыі Горкі 11 чэрвеня прэзідэнты Беларусі і Расіі заявілі пра намер абмеркаваць існыя супярэчнасці ў адносінах дзвюх краін.

 

«Мы сёння можам з вамі зверыць гадзіннікі па бягучай сітуацыі, і найперш па двухбаковых адносінах, па праблемах інтэграцыі, — цытуе Мядзведзева РІА Новости. — Вызначым, ці зможам мы дамагчыся эканамічнага прагрэсу і ці існуюць невырашальныя супярэчнасці. Мы зможам сёння абмеркаваць пытанне, выйдзем на ажыццяўленне тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты ў Менску і іншых месцах».

 

Расійскі лідэр адзначыў актывізацыю гандлёвых адносін дзвюх краін. За чатыры месяцы 2010 года, адзначыў ён, экспарт з Расіі ў Беларусь павялічыўся прыблізна на 20%, пастаўкі беларускіх тавараў у Расію — амаль на 52%. «Гэта значыць, што мы прывялі ў дзеянне пэўныя неабходныя механізмы», — сказаў Мядзведзеў.

 

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на «адкрытую размову».

 

«Супярэчнасці ў нас ёсць, але невырашальных праблем няма і быць не можа», — заявіў ён.

 

«Мы хочам поўнай празрыстасці ў адносінах, хочам умацаваць адносіны на раўнапраўнай базе», — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што Расія і Беларусь могуць вывесці двухбаковыя адносіны «не толькі на партнёрскі ўзровень». «У нас — саюзніцкія адносіны», — нагадаў беларускі прэзідэнт.

 

 

Далей перамовы прэзідэнтаў праходзілі за зачыненымі дзвярыма. Па стане на 23.00 па маскоўскім часе іх падрабязнасці былі невядомыя.

 

Пасля сустрэчы з Мядзведзевым Лукашэнка правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Уладзімірам Пуціным. Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, бакі абмеркавалі «актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва».

 

На прэс-канферэнцыі ў Менску пасол РФ Аляксандр Сурыкаў заявіў: калі Беларусь не падпіша дакументы аб фармаванні Мытнага саюза «тройкі», то «мытная мяжа будзе фармавацца па тэрыторыі Расіі і Казахстана з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць».

 

«Якія складанасці ўзнікнуць пры спробе яе [мяжу] пераехаць, усім зразумела — гэта ветэрынарныя, санітарныя, мытныя і іншыя пытанні», — дадаў ён.

 

Паводле слоў Сурыкава, у рамках беларуска-расійскай саюзнай дзяржавы дзейнічаюць мытныя дамоўленасці. Аднак калі Беларусь не падпіша дакументы аб фармаванні Мытнага саюза «тройкі», прыярытэт будзе аддавацца мытным пагадненням, якія былі падпісаны Расіяй і Казахстанам у двухбаковым парадку.

 

* * *

Нагадаем, 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу прэм'ер-міністры Расіі і Казахстана дамовіліся аб увядзенні Мытнага кодэкса Мытнага саюза на двухбаковай аснове, паколькі беларускі прэм'ер на сустрэчу не прыбыў. Дакумент адкрыты для падпісання Беларуссю.

 

Менск звязвае свой удзел у Мытным саюзе з адменай абмежавальных мер на пастаўкі расійскай нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Пры гэтым беларускі бок адзначае, што ў дачыненні да Казахстана такія меры не ўводзіліся.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме