МЗС Беларусі: Ніякай палітыкі, толькі газ

17.06.2010, 13:27  |  Навіны, Эканоміка

Міністэрства замежных спраў Беларусі не лічыць чарговы газавы канфлікт з Расіяй палітычным. Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Мінску 17 чэрвеня прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

 

- Я б не назваў гэта канфліктам, які разгараецца. Гаворка ідзе пра ўрэгуляванне кантрактных адносін у рамках дзейнасці двух гаспадарчых суб'ектаў.

 

Выказванне прэс-сакратара МЗС стала першай афіцыйна агучанай рэакцыяй Мінска на сітуацыю з аплатай расійскага газу.

 

Нагадаем, напярэдадні кіраўніцтва "Газпрома" папярэдзіла Беларусь аб магчымым абмежаванні паставак газу з 21 чэрвеня ў выпадку нявыплаты доўгу. Паводле даных расійскай кампаніі, запазычанасць па разліках за газ у 2010 годзе складае прыкладна 200 млн. долараў.

 

Як заявіў 16 чэрвеня ў Маскве афіцыйны прадстаўнік расійскага газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў, сёлета ААТ "Белтрансгаз" сістэматычна парушае ўмовы кантракта ад 31 снежня 2006 года.

 

- У дзейным кантракце няма ніякіх спасылак на тэмпы і дынаміку змены ўнутраных цэн на газ у Расіі, і калі беларускія калегі маюць намер ініцыяваць перамовы па гэтым пытанні, яны могуць гэта зрабіць у рамках адпаведных міжурадавых інстытутаў, але дзейны кантракт пры гэтым павінны выконваць у поўным аб'ёме, — падкрэсліў Купрыянаў.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме