Газавыя перамовы завяршыліся "Нічым"

19.06.2010, 19:35  |  Навіны, Эканоміка

Расійска-беларускія перамовы, якія прайшлі 19 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу адносна проблемы газавага доўгу скончыліся безвынікова, заявіў журналістам кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер.

 

Адказваючы на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме на пытанне журналістаў, чым завяршыліся перамовы, Мілер адказаў: "Нічым".

 

Кіраўнік "Газпрома" таксама не ўпэўнены ў магчымасці працягу перамоў з Беларуссю адносна праблемы газавага доўгу да панядзелка, 21 чэрвеня. "Мы развіталіся, і куды яны паехалі, я не ведаю", — цытуе Аляксея Мілера РІА Новости.

 

Паводле яго меркавання, Беларусь, робячы заяву пра доўг РФ за транзіт газу ў Еўропу, толькі імкнецца адвесці ўвагу ад сваіх даўгоў. "У футбольнай тэрміналогіі гэта можна назваць няўдалай спробай стварыць падроблены афсайд", — сказаў Мілер журналістам у адказ на просьбу пракаментаваць заяву беларускага Мінэнерга.

 

Напярэдадні першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец заявіў, што доўг Беларусі за газ роўны доўгу "Газпрома" за транзіт — абодва складаюць каля 200 млн. долараў. Пры гэтым ён не выключыў, што магчымыя абмежаванні паставак з боку Расіі "зачэпяць пытанні транзіту".

 

Тым часам Расія не выключае судовых разбораў з Беларуссю па прычыне газавых даўгоў. "У судзе разбярэмся, хто каму вінаваты", — заявіў 19 чэрвеня віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын, каментуючы заяву прадстаўніка беларускага Мінэнерга.

 

Паводле слоў Сечына, беларускі бок у аднабаковым парадку вызначыў сабе права прызначаць цану за транзіт. Са свайго боку, "Газпром" з гэтым не згодны і робіць захады па прывядзенні сітуацыі ў адпаведнасць з кантрактамі. "Я думаю, што "Газпром" у дадзеным выпадку мае рацыю", — дадаў Сечын.

 

У сваю чаргу, кіраўнік савета дырэктараў "Газпрома", першы віцэ-прэм'ер урада РФ Віктар Зубкоў 19 чэрвеня заявіў, што Беларусь не прад'яўляла дакументаў па запазычанасці за транзіт газу. "Мы гаворым: вы нам вінаватыя — вось дакументы. А яны кажуць: вінаватыя, але дакументаў няма", — сказаў Зубкоў.

 

"Газпром" плануе з 21 чэрвеня скараціць на 85% падачу газу, калі Беларусь не выплаціць 192 млн. долараў доўгу, які ўтварыўся ў выніку таго, што краіна плаціць па цэнах 2009 года.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме