Мядзведзеў даручыў "Газпрому" абмежаваць пастаўкі газу ў Беларусь

21.06.2010, 09:32  |  Навіны, Эканоміка

Расія  адмовілася прыняць аплату за беларускі газавы доўг бартэрам.

 

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў: "Газпром" нічым не можа прымаць аплату за доўг - ні пірагом, ні маслам, ні сырам, ні іншымі сродкамі плацяжоў".

 

Мядзведзеў адзначыў, што паводле расейскіх законаў, замежныя плацяжы могуць прымацца толькі ў замежнай валюце.

 

Нагадаем, 15 чэрвеня прэзідэнт Расіі на сустрэчы з кіраўніком "Газпрому" Аляксеем Мілерам заявіў, што Расія дасць Беларусі 5 дзён на пагашэнне запазычанасці за пастаўкі газу.

 

"Беларусь прызнае доўг за газ, але прапаноўвае аплату зрабіць машынамі, абсталяваньнем і рознымі іншымі таварамі", - заявіў сёння ў размове з Мядзведзевым кіраўнік "Газпрому" Аляксей Мілер. Такім чынам, канстатаваў ён, перамовы, што адбыліся 20 чэрвеня, зноў завяршыліся нічым.

 

"У адпаведнасці з кантрактам "Газпром" павінен увесці абмежаванне паставак газу прапарцыйна аб'ёму абавязку", - заявіў Мілер.

 

"З якога часу? Верагодна, гэта будзе ў бліжэйшы час", - удакладніў Мядзведзеў.

 

Мілер дадаў, што "Газпром" будзе прадпрымаць гэтыя крокі "з раніцы сённяшняга дня", паведамляе “Свабода”.

 

85-працэнтнае абмежаванне паставак газу можа нанесці істотны ўрон беларускай эканоміцы, піша БелаПАН са спасылкай на крыніцу ў Мінэнерга Беларусі. Так, у выпадку рэзкага адключэння газу магчымы сур'ёзныя аварыі на азотных і шкляных вытворчасцях. Крыніца заявіла, што 15% газу хопіць толькі для забеспячэння насельніцтва і "хлебазаводаў з малаказаводамі".

 

Справа ў тым, што Беларусь ад пачатку 2010 года плаціць Расеі за газ не па кантракце, а па ўсталяванай ёю ў аднабаковым парадку цане, у выніку чаго ўжо завінавацілася каля 200 мільёнаў долараў, перакананы расейскі бок.

 

У нядзелю 20 чэрвеня афіцыйны Менск прыгразіў Маскве праблемамі з транзытам, а затым накіраваў у РФ дэлегацыю, якая спрабавала, але не змагла ўрэгуляваць канфлікт. Сёння, паводле афіцыйнага агенцтва Белта, перамовы з "Газпромам" працягнуцца.

 

На думку кіраўніка “Газпрому” абмежаванні для Беларусі не адаб’юцца на транзіце ў Еўропу.

 

"Я думаю, на гэтыя праблемы варта глядзець вельмі-вельмі спакойна. Ёсць тэхнічная магчымасць паставіць газ праз Украіну ў Польшчу ", - заявіў Аляксей Мілер.

 

Навіны па тэме