Газавая вайна. Працяг

21.06.2010, 19:05  |  Навіны, Эканоміка

Беларусь знойдзе сродкі для аплаты доўгу за расейскі газ цягам двух тыдняў, заявіў журналістам сёння першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

 

Афіцыйны прадстаўнік расійскага газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў аднак заявіў, што "Газпром" не мае намеру два тыдні чакаць пагашэння Беларуссю доўгу за пастаўкі газу і не выключае новых абмежаванняў паставак.

 

Беларусь пакуль не пагасіла запазычанасць за газ, і «Газпром» у 9.00 панядзелка прыступіў да абмежавання паставак, ліміт абмежавання спачатку складзе 15% ад сутачнай нормы, затым паступова будзе павялічаны да 85%. Скарачэнне паставак газу ў Беларусь склала 7 млн. з 45 млн. кубаметраў за суткі.

 

«Мы разлічваем, што на працягу двух тыдняў мы знойдзем магчымасць, пазычым, але разлічымся за газ», — сказаў Сямашка.

 

«Мы не хаваем, у нас складана з валютай, каб увайсці ў рэжым рэальнага часу і аплаціць газ. Мы павінны пазычыць», — дадаў ён.

 

Пры гэтым першы віцэ-прэм’ер адзначыў неабходнасць аплаты Расіяй транзіту газу.

 

«Далей мы ўвойдзем у рэжым: яны (Расія) разлічацца за транзіт, мы — за газ», — сказаў Сямашка.

 

«Выпрацаваны пратакол, з якім мы не можам цалкам пагадзіцца, але ён нас задавальняе ў тым выглядзе, як ён ёсць. Важна, што расейскі бок прызнае, што мусіць Беларусі 217 000 000 долараў за транзіт газу.

 

Калі нам заплацяць 217 000 000, мы гатовыя заплаціць 187 млн».

 

Сяргей Купрыянаў паведаміў, што Расея чакае ад беларускага боку хутчэйшага рашэння па пагашэнні запазычанасці і выканання абавязацельстваў па транзіце ў поўным аб'ёме.

 

Паводле яго слоў, наступны плацеж — за майскія пастаўкі — "Белтрансгаз" павінен ажыццявіць праз два дні, і калі Беларусь па-ранейшаму будзе плаціць за газ па леташняй цане (150 долараў за тысячу кубаметраў замест кантрактнай цану ў 169 долараў), доўг яшчэ ўзрасце.

 

"Паводле апошніх звестак, доўг складае 192 мільёны долараў", — нагадаў прадстаўнік "Газпрома".

 

Па матэрыялах БелаПАН, “Наша Ніва”

Навіны па тэме