"Белтрансгаз" пагасіў запазычанасць за газ

23.06.2010, 23:44  |  Навіны, Эканоміка

"Белтрансгаз" пагасіў запазычанасць перад "Газпромам" у памеры 187 млн. долараў. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка 23 чэрвеня на экстраннай прэс-канферэнцыі ў Менску.

 

Паводле яго слоў, Беларусь пазычыла 200 млн. долараў, з якіх 187 млн. пайшлі на пакрыццё доўгу.

 

Сямашка нагадаў, што ў снежні 2009 года на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы прэзідэнты Расіі і Беларусі далі даручэнні ўраду і суб'ектам гаспадарання "паглядзець сітуацыю з цаной на газ на 2010 і наступны гады".

 

На гэта былі падставы, падкрэсліў віцэ-прэм'ер. У прыватнасці, рост цэн на нафту прывёў да росту цэн на газ. Акрамя таго, Беларусь не магла не ўлічваць уплыў фінансавага крызісу.

 

Сямашка падкрэсліў, што Беларусь і Расія сфармавалі Саюзную дзяржаву зыходзячы з прынцыпу стварэння роўных умоў гаспадарання. Аднак, дадаў ён, беларускія суб'екты гаспадарання плацяць за 1 тыс. куб. м газу 217 долараў, у той час як у расійскім Смаленску гэтая цана складае 90, максімум 103 долары.

 

Але самае галоўнае, дадаў Сямашка, — гэта дамоўленасці паміж Беларуссю і Расіяй аб выхадзе на прынцып роўнадаходнасці ў цэнах на газ да 2011 года.

 

"Гэта значыць, што норма прыбытку пры продажы газу ў Расіі, Беларусі, Германіі Польшчы павінна быць аднолькавай, — патлумачыў ён. — Аднак ёсць заявы афіцыйных асоб Расійскай Федэрацыі аб тым, што Расія выйдзе на прынцып роўнадаходнасці толькі да 2015 года. У сувязі з гэтым у Беларусі ўзнікла натуральнае жаданне падкарэктаваць дамоўленасці ў газавай сферы".

 

Першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што на працягу снежня 2009 года Беларусь двойчы звярталася да "Газпрома" з такой прапановай, але "выразнага адказу не атрымала".

 

"У надзеі, што мы выйдзем на карэкціроўку дамоўленасцей, Беларусь працягвала плаціць за газ па 150 долараў. Адсюль і ўтварылася запазычанасць у памеры 187 млн. долараў”, - патлумачыў Сямашка (па падліках "Газпрома", Беларусь вінаватая за газ 192 млн. долараў).

 

Ён таксама заявіў, што Беларусь запатрабавала ад "Газпрома" пагасіць запазычанасць за транзіт газу ў памеры 260 млн. долараў да 10.00 24 чэрвеня. "Калі гэта не будзе зроблена, Беларусь мае намер спыніць транзіт вуглевадароднай сыравіны", — заявіў першы віцэ-прэм'ер.

 

Ён адзначыў, што на працягу дзесяці месяцаў 2009 года "Газпром" спраўна плаціў за транзіт газу ў Еўропу, але ў лістападзе чамусьці спыніў прымаць акты зверкі з боку "Белтрансгазу", дзе былі прапісаны аб'ёмы паставак і тарыф.

 

Сямашка падкрэсліў, што тарыф на прапампоўванне 1 тыс. куб. м газу на 100 км складае 1,74 долара. Аднак "Газпром" ажыццяўляў аплату за транзіт па тарыфе 1,45 долара. "Газпром" прыдумаў сабе легенду: нібыта Белтрансгаз" не вытрымлівае нацэнку пры продажы газу ўнутры Беларусі", — сказаў першы віцэ-прэм'ер. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэтая нацэнка летась у Беларусі была вытрымана.

 

У выніку аплаты "Газпромам" транзіту газу па тарыфе меншым за прадугледжаны ўжо за лістапад—снежань 2009 года ўтварылася запазычанасць, паведаміў Сямашка.

 

Ён падкрэсліў, што "Газпром" на працягу пяці месяцаў 2010 года "не заплаціў ніводнага цэнта за транзіт газу". Такім чынам, утварылася запазычанасць у памеры 260 млн. долараў. І гэта пры тым, што транзіт газу па Беларусі ажыццяўляецца па самых нізкіх тарыфах, заявіў віцэ-прэм'ер.

 

Гэта дае "Газпрому" магчымасць атрымліваць да 500 млн. долараў прыбытку, адзначыў Сямашка. Разам з тым "Белтрансгаз", паводле яго слоў, выканаў свае абавязацельствы па транзіце газу.

 

Першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што беларускі бок прапаноўваў Расіі правесці ўзаемаразлік, каб вырашыць канфлікт, але "Газпром" заняў іншую пазіцыю.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме