Замест фестывалю “Магутны Божа” -- некалькі канцэртаў

29 чэрвеня ў Магілёве пачаліся канцэрты ў рамках міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Паўнавартаснай яго праграмы аднак з-за фінансавых праблемаў сёлета, як і летась, ня будзе.
Некалі надзвычай папулярны фэст, які збіраў музыкаў з паловы свету, магілёўскія ўлады замянілі некалькімі канцэртамі і выставамі ў рамках культурніцкага праекту “Духоўная скарбніца”.
На нешматлікіх афішах назва фэстывалю ёсць, але ўгледзець яе цяжка. У вочы найперш кідаюцца словы “Духоўная скарбніца”.
“Як такога фэстывалю “Магутны Божа” сёлета няма. Ёсць толькі культурна-выставачны праект “Духоўная скарбніца”, які праходзіць у межах “Магутнага Божы”. Паўнавартасны фестываль плануецца ў 2012 годзе. Крызыс – такое слова. Крызыс. Фэстываль нават духоўнай музыкі патрабуе значны фінансавых затрат. Калі праводзіць фэстываль – дык ужо праводзіць”, – зазначыла супрацоўніца аддзелу культуры магілёўскага гарвыканкаму.
Летась паўнавартаснай фестывальнай праграмы таксама не было. Чыноўнікі абяцалі, што ў 2010 годзе фестываль адбудзецца ў шырэйшым фармаце. Абмежаванні называліся творчым перапынкам, каб вывесці фэст на больш высокі творчы ўзровень.