"Белтрансгаз" і "Газпром" падпісалі дадатковае пагадненне да кантракта па транзіце газу

02.07.2010, 18:04  |  Навіны, Эканоміка

"Белтрансгаз" і "Газпром" падпісалі дадатковае пагадненне да кантракта па транзіце газу. У адпаведнасці з дакументам стаўка транзіту расійскага газу па тэрыторыі Беларусі ў 2010 годзе складзе 1,88 долара за 1 тыс. куб. м на 100 км.

 

Раней "Газпром" настойваў на стаўцы транзіту ў 2010 годзе на ўзроўні 1,45 долара. Як заявіў 24 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Маскве афіцыйны прадстаўнік "Газпрома" Сяргей Купрыянаў, "пры стварэнні СП з "Белтрансгазам" быў падпісаны пратакол, якім прадугледжваецца магчымасць павелічэння стаўкі ў 2009 годзе да 1,74 долара, у 2010 годзе да 1,88 долара".

 

Аднак гэтае рашэнне, адзначыў ён, было звязана з увядзеннем аптовай надбаўкі "Белтрансгаза", якая дазваляе гэтай кампаніі, што належыць на цяперашні момант на 50% "Газпрому", атрымліваць даход ад працы на ўнутраным рынку Беларусі. Купрыянаў падкрэсліў, што такая надбаўка не была ўведзена, у сувязі з чым "Газпром" арыентаваўся пры разліках за транзіт на стаўку 1,45 долара.

 

У сваю чаргу беларускі бок заяўляў, што выканаў усе дамоўленасці. Як паведаміў 23 чэрвеня журналістам першы віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка, "Газпром" прыдумаў сабе легенду: нібыта "Белтрансгаз" не вытрымлівае нацэнку пры продажы газу ўнутры Беларусі". Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэтая нацэнка летась у Беларусі была вытрымана.

 

Паводле слоў Сямашкі, "Газпром" на працягу пяці месяцаў 2010 года "не заплаціў ніводнага цэнта за транзіт газу". Такім чынам, утварылася запазычанасць у 260 млн. долараў.

 

24 чэрвеня "Газпром" пералічыў у кошт пагашэння доўгу 228 млн. долараў зыходзячы са стаўкі транзіту 1,45 долара.

 

Пытанне аб вяртанні запазычанасці за транзіт беларускі бок узняў пасля таго, як "Газпром" запатрабаваў ад Мінска расплаціцца за доўг па газе, пастаўленым у Беларусь у 2010 годзе.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме