На выбарах у Польшчы перамог Браніслаў Камароўскі

05.07.2010, 13:07  |  Навіны » Свет

4 ліпеня ў Польшчы адбыўся другі тур датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, у яго выйшлі Браніслаў Камароўскі («Грамадзянская платформа») і былы прэм’ер‑міністр Яраслаў Качынскі («Права і справядлівасць»).

 

Падлічана 95% галасоў выбарцаў у Польшчы. Паводле папярэдніх вынікаў выбарчай камісіі, перамагае маршалак Сейму Браніслаў Камароўскі. Ён набірае 52,6%.

 

За Яраслава Качынскага галасы аддалі 47,4% выбарцаў. Яўка выбарцаў склала крыху больш за 50%.

 

Браніслаў Камароўскі ў сям'і — бацька пяцёх дзяцей, а ў палітыцы — ветэран антысавецкага падполля і памяркоўны кансерватар.

Качынскі больш кансерватыўны ў пытаннях маралі, больш жорсткі ў барацьбе з карупцыяй і савецкай спадчынай і больш схільны да дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку. Камароўскі рэпрэзентуе партыю, якая адстойвае інтарэсы прыватнага бізнэсу. Посткамуністы, аднак, таксама схіляліся да падтрымкі ягонай кандыдатуры. У пытаннях замежнай палітыкі Качынскі арыентаваўся на незалежніцтва пры захаванні цеснага партнёрства з ЗША, Камароўскі — на цяснейшую еўраінтэграцыю.

 

Перамога Камароўскага будзе азначаць менш напорыстую беларускую палітыку Польшчы.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме