Кс. Юры Барок: “Мы яшчэ не жывем тымі прынцыпамі, якія былі абвешчаны дваццаць год таму”

Напярэдадні святкавання 20-годдзя незалежнасці Беларусі кс. Юры Барок выказаў у інтэрвію “Весткам” свой погляд на незалежнасць.
- Кс. Юры, што для Вас азначае слова “незалежнасць”?
- Для мяне незалежнасць – гэта магчымасць трымацца сваёй мовы, сваёй культуры. Гэта магчымасць мець сваю тоеснасць, быць самімі сабой, вызначаць сваю будучыню, інтэрпрэтаваць сваё мінулае і сучаснасць.
- Як Вы ўспрынялі абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ў дзевяностым годзе?
- 1990 год – гэта быў год уздыму нацыянальнай свядомасці. Абвяшчэнне незалежнасці было вялікай радасцю, было святам для мяне і маіх сяброў. Гэта вельмі знакавая падзея ў гісторыі Беларусі.
Аднак нам патрэбна яшчэ рэалізаваць тое, падмуркі чаго былі закладзеныя ў дзевяностым годзе. Бо мы яшчэ не выкарысталі гэта, мы яшчэ не жывем тымі прынцыпамі, якія былі абвешчаныя дваццаць год таму.
- Наколькі актуальным, з Вашага гледзішча, ёсць пытанне незалежнасці нацый ва ўмовах глабалізацыі?
- Калі разглядаць пытанне з філасофскага гледзішча, то я сказаў бы, што паняцце “незалежнасць” крыху састарэлае. Зараз вельмі патрэбнай каштоўнасцю з’яўляецца ўзаемапрыналежнасць.
Розныя народы і культуры патрэбныя адно аднаму. Я гэта найбольш выразна ўсвядоміў сабе падчас сваіх шматлікіх падарожжаў, місійнай працы на афрыканскім кантыненце, калі сутыкаўся з рознымі культурамі.
Нельга, каб адзін народ падпарадкоўваўся іншаму, але павінны прыналежаць адно аднаму, супрацоўнічаць адно з адным. Бо разам можна зрабіць шмат з таго, што нельга здзейсніць паасобку. Добрым прыкладам тут з’яўляюцца адносіны на еўрапейскім кантыненце.
* * *
Юры Барок - беларускі каталіцкі святар. Працаваў на місіях у Зімбабвэ і Індыі. Зараз з'яўляецца вікарыем касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім. Разам са сваім братам - кс. Вячаславам Барком - займаецца арганізацыяй аўтобусных пілігрымак да хрысціянскіх святыняў Еўропы.